Юбілейная Крытычная маса ў Гродне стане апошняй?

|

Арганізатары планавалі зрабіць юбілейную акцыю цікавай і вясёлай, пераўтварыць у сапраўднае свята веласпорту, але атрымалася так, што яна стане апошняй у кароткай гісторыі Крытычнай масы ў Гродне.

Крытычная маса больш не можа існаваць, бо ДАІ выставіла да яе ўдзельнікаў невыканальныя патрабаванні: рухацца толькі па тратуарах.

Паводле начальніка ДАІ, арганізатары Крытычнай масы правакуюць веласіпедыстаў на парушэнне правіл дарожнага руху, прывучаючы рухацца па праезджай частцы, а не па тратуары.

Таму адказнасць за траўмы і гібель веласіпедыстаў на дарогах ДАІ таксама ўскладае на арганізатараў Крытычнай масы.

 

Атрымаць дазвол ДАІ на правядзенне акцыі веласіпедысты могуць толькі згадзіўшыся ехаць па тратуарах альбо склаўшы маршрут па лесапаркавай зоне.

І ў тым, і ў другім выпадках Крытычная маса губляе сэнс.

Таму вырашана, што ў пятніцу, 27 мая,  апошняя Крытычная маса ў Гродне адбудзецца па мінімальным маршруце: Савецкая плошча-плошча Леніна-Савецкая плошча.

Пасля гэтага ўсіх удзельнікаў арганізатары запрашаюць у Каложскі парк на афтэпаці з конкурсамі і падарункамі.

 

З закліку арганізатараў на Гродзенскім блогу:

Прашу нікога не ўпадаць у адчай. Давайце будзем верыць у тое, што гэта не канец, а пачатак чагосьці большага.

Мы абавязкова ўсе разам прыдумаем, куды накіроўваць свой няўемны велапатэнцыял кожную апошнюю пятніцу месяца, каб пры гэтым не трэба было дамагацца ўзгадненняў і дазволаў.

Ну а пакуль давайце ўсе разам прыедзем на апошнюю Крытычную масу, каб усе ўбачылі, што нас шмат, крытычна шмат!”

Збор удзельнікаў Крытычнай масы ў пятніцу на Савецкай плошчы ў 19.00.

 

Фота з сайта http://velogrodno.by