Пра Беларусь, якой ужо няма

|

Кніга ўбачыла свет цудам.

-У мяне было безвыходнае становішча, і проста цуд, што я сустрэла Паўла Мажэйку, які мне дапамог выдаць кнігу, – кажа Данута Бічэль.

Я рада магчымасці прадставіць яе людзям. Сустрэчу ва ўніверсітэце я зрабіць не змагла – мне адмовілі.

 

Гэта кніга ўспамінаў пра Беларусь, якой ужо няма, у якой я жыла, і жылі мае продкі. Пра людзей, сярод якіх я была шчаслівая, пра сяброў, якія практычна ўсе загінулі, але я люблю іх, як жывых.

Папярэдне меркавалася, што кніга будзе называцца “Мужчыны”.

Яна складаецца з эсэяў, у кожным з якіх паўстае вобраз хлопчыка, мужчыны, Чалавека,  – сяброў і па духу блізкіх аўтарцы людзей, а праз іх – ментальнасць беларусаў.

Данута Бічэль:

-Мост святога Францішка – мая назва старога маста ў Гродне, па якім я хадзіла да францішканскага касцёла.

Гэта нешта філасофскае, што злучае людзей з Богам і аднаго з адным.

Гэта мой мост, па якім я духоўна іду да Бога і дзе са мной  мае сябры.

На гэтым мосце я сустракалася з Васілём Быкавым, бо я жыла за Нёманам, а ён – на гэтым баку, і ,калі мы выходзілі насустрач, сустракаліся акурат на мосце.

Людзі, пра якіх я напісала, усе са мною, у маёй душы, у маёй малітве.

На мосце Дануты Бічэль  Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Чэслаў Нёман (паэтка называе яго менавіта Нёман), Кастусь Тарасаў, Сяржук Сокалаў-Воюш (спадарыня Данута ўдакладняе: “Ён жывы, але з’ехаў у Амерыку, таму для нашай духовай культуры ўжо не значыць столькі, колькі значыў у 80-ых гадах”), род Ларысы Геніюш (гэта кніга яе памяці), Зоська Верас (вельмі шмат яе родных жылі ў Гродне) і мноства мала вядомых нам людзей.

Данута Бічэль:

Я не магла не расказаць пра сваіх маму і тату, пра чыстую святую  вёску, якую Саветы разбурылі калгасным строем, пра сваіх сяброў-пастушкоў, адносіны паміж жанчынай і мужчынам, пра каханне, пра Заходнюю Беларусь, якая тады яшчэ не паддалася…

Я мусіла напісаць і пра сваю сям’ю, пра мужа.

Я не расказваю ўсёй паднаготнай, а раскрываю людскую мараль.

 

Прэзентацыя кнігі ўспамінаў Дануты Бічэль “Мост святога Францішка” пачнецца ў нядзелю 12 чэрвеня ў 11.15 у грэка-каталіцкай парафіі (драўляная капліца побач з касцёлам радэмптарыстаў на Дзевятоўцы).

 

Фота Дануты Бічэль з сайта http://www.svaboda.org