“Крыху пяшчоты” для гродзенскіх юных гледачоў
Сталічныя госці прадставяць 2 спектаклі на беларускай мове для гледачоў рознага ўзросту – маладым гарадзенцам прапануюць „Брык і Шуся шукаюць лета”, а для старэйшай аўдыторыі – спектакль “Крыху пяшчоты“.
Дзіцячы спектакль „Брык і Шуся шукаюць лета” створаны па п’есе маладога драматурга Таццяны Сівец, пасля прэм’еры ў мінулым годзе атрымаў вельмі прыхільныя рэцэнзіі. Паводле водгуку часопіса Arche гэтая пастаноўка – “разумная чыстая казка, прымушаючая дзяцей ускокваць з месца, каб разглядзець тое, што намалявана на мапе, смяяцца і плакаць разам з акцёрамі. А галоўнае на фоне ўсяго таго бруду, які сыплецца на гэтых яшчэ не цалкам разбэшчаных маленькіх людзей, спектакль павінен выклікаць у іх тую ўнутраную цеплыню, якой прасякнуты сам. І, я ўсё ж такі спадзяюся, павінен закінуць у падкоркі іх свядомасці элементарныя чыстыя ўяўленні аб сяброўстве. Таму што на жаль усё радзей і радзей сустракаюцца новыя творы мастацтва, на прыкладах якіх можна было б фарміраваць такія жыццёвыя прынцыпы і светаўспрыманне ў дзяцей.”
„Крыху пяшчоты” прызначаны для гледачоў ад 14 гадоў, апавядае гісторыю людзей, якія жывуць у доме для састарэлых і якія адмаўляюцца ад стэрэатыпу старога чалавека, хочуць цешыцца жыцём. У хуткім часе адміністрацыя дома рыхтуе для іх сапраўдны карнавал. Гледачы ўпэўняцца ў тым, што „фізічны ўзрост чалавека нічога не кажа пра яго душу“. У пастаноўцы задзейнічаныя заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Ларыса Горцава, Вера Кавалерава ды Барыс Барысёнак.
alt=”Image 15263″ >
„Брык і Шуся шукаюць лета ” можна будзе пагладзець 18 і 19 чэрвеня а 12 гадзіне, кошт квіткоў 6 000 рублёў, „Крыху пяшчоты” – 17 і 18 чэрвеня, квіткі па 12 000 і 15 000 рублёў.
Здымкі аўтаркі і beltuz.by