Паліва з беларускіх заправак выцякае за мяжу

|

Таму па-ранейшаму на запраўках блізу польскай і літоўскай мяжы стаяць чэргі, хаця замежнікі запраўляюцца цяпер за валюту, а акрамя поўнага баку дазваляецца вывозіць за мяжу толькі 10 літраў паліва.

 

7 чэрвеня лідскія памежнікі знайшлі каля 930 літраў саляркі ў бакавых скрынях паўпрыцэпу грузавіка «МАN».

Беларускі дызель, які вёз у Літву грамадзянін Расіі, памежнікі ацанілі ў 5 мільёнаў рублёў.

 

Яшчэ тройчы на гэтым тыдні падчас адмысловага рэйду гродзенскія мытнікі затрымлівалі кантрабандыстаў, што спрабавалі вывезці за мяжу салярку, прызначаную для выкарыстання выключна ў гаспадарках аргапрамысловага комплекса.

Дзеля прадухілення крадзяжоў такое паліва фарбуецца, аднак і гэта не ратуе.

 

Беларускім мытнікам удаецца затрымаць на мяжы толькі нязначную частку кантрабанднага паліва.

Дзяржава ўсур’ёз занепакоена вывазам бензіна за мяжу: толькі ў траўні продаж аўтамабільнага паліва вырас у памежных раёнах Беларусі амаль ў 2,5 разы.

 

Дзяржсакратар Савета Бяспекі Леанід Мальцаў, піша БелТА, паведаміў пра падрыхтоўку сістэмы мер па абароне беларускага спажывецкага рынку, удакладніўшы, што «сістэма будзе мяняцца ў залежнасці ад змены сітуацыі на рынку».

Адносна вывазу паліва, Мальцаў сказаў: «Калі ён (бензін) у нас таннейшы, то выязджаеш за мяжу — заплаці гэтую розніцу».

Аднак афіцыйных варыянтаў вырашэння праблемы пакуль няма.

Фота з сайта http://www.belta.by