Банеры з патрабаваннем вызваліць Пачобута на беларуска-польскай мяжы
На рэкламных шчытах побач з пераходамі з’явіліся вялікія банеры “Лукашэнка, вызвалі Пачобута!” на польскай і беларускай мовах, паведамляе gazeta.pl.
Скарыстацца сваімі рэкламнымі шчытамі арганізатарам акцыі – фонду “Свабода і дэмакратыя” – дазволіла “Радыё Рацыя”.
– Усе падтрымліваем Андрэя Пачобута. Лічым, што ён адназначна павінен выйсці на волю і не пагаджаемся на тое, каб ён быў зняволены на Беларусі. Хочам таксама нагадваць палякам пра тое, што Пачобут – гэта, можна сказаць, адзін з самых важных людзей у Саюзе палякаў на Беларусі і што яго незаконна ўтрымліваюць у турме… – сказаў старшыня фонда Томаш Пісуля.
Арганізатары паведамілі, што акцыя плануецца безтэрміновай, падобную акцыю рыхтуюць ў Варшаве, дзе банеры размесцяць таксама на аўтамабілях, якія будуць ездзіць па вуліцах польскай сталіцы і Уроцлава.
Нагадаем, заўтра 14 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна будзе разглядацца справа журналіста Анджэя Пачобута, які абвінавачваецца па артыкуле 367 ч.1 і артыкуле 368 ч.1 КК Рэспублікі Беларусь. За абразу прэзідэнта журналісту пагражае пазбаўленне волі да двух гадоў, за паклёп на прэзідэнта — да 4 гадоў.
Здымак з Радыё Рацыя