Звыш ста чалавек прыйшлі сёння падтрымаць Андрэя Пачобута
Выказаць сваю салідарнасць з карэспандэнтам “Газеты Выборчай” прыйшлі журналісты з Гродна і Мінска, актывісты польскага руху і грамадскіх арганізацый краіны і горада.
Людзі ля прыступак суда гучна маліліся, спявалі рэлігійныя песні, скандавалі “Свабода!” і “Дэмакратыя!”.
У інтэрв’ю журналістам Аксана Пачобут распавяла пра сваю спробу патрапіць у памяшканне, а таксама пра тое, як рэагуюць яе дзеці на такую працяглую адсутнасць бацькі ў доме.
Гэта ўжо другі судовы працэс у Гродне супраць журналістаў, якіх вінавацяць у знявазе прэзідэнта.
У 2002 г. у гэтым жа судзе да пазбаўлення волі былі асуджаныя журналісты Павал Мажэйка і Мікола Маркевіч.
У інтэрв’ю “Твайму стылю” Павал Мажэйка распавядае пра тое, чым адрозніваецца працэс Пачобута ад суда над ім, а таксама дзеліцца сваім прагнозам на вынік суда.
Судовае паседжанне доўжылася сёння да 16.30.
Суддзя задаволіў хадайніцва пракурора зрабіць перапынак ў сувязі з неабходнасцю перакваліфікавання абвінавачвання.
Суд працягнецца 17 чэрвеня а 10-й раніцы.
Андрэя Пачобута абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі і паклёпе на яго.
За гэта журналісту пагражае ад 2 да 4 гадоў турмы.
З 6 красавіка ён знаходзіцца за кратамі следчага ізалятару ў Гродне.
Справу журналіста разглядае суддзя Віталь Ляцко.