У Брузгах зніклі чэргі
Учора ў Брузгах быў складзены пратакол за ўжыванне лаянкі, але сур’ёзных інцыдэнтаў больш не ўзнікала.
Затое практычна зніклі чэргі на выезд: некалькі дзесяткаў легкавікоў учора ўвечары, толькі 20 сёння апоўдні і крыху больш – па абедзе.
Нават пры гэтым толькі за ўчарашні дзень каля 60 легкавых машын вярнулі назад у Беларусь.
Гэта транспартныя сродкі, кіроўцы якіх былі ў Польшчы меньш чым 5 дзён таму, не з’яўляюцца дыпламатамі, не едуць на лячэнне і не маюць працоўных віз.
Яшчэ больш машын не здолелі трапіць у Польшчу праз Брузгі за сённяшнюю ноч.
Раней выпадкі адмовы ў выездзе здараліся раз на некалькі месяцаў.
Намеснік начальніка Гродзенскай рэгіянальнай мытні Віктар Гурэеў патлумачыў “Твайму стылю”:
– Людзей на мяжы інфармуюць і тлумачаць, што пры выездзе часцей, чым 1 раз на 5 дзён неабходна аформіць паліва з дэкларацыяй і уплатай мытных плацяжоў.
У грамадзян, якія ездзяць радзей, праблем не ўзнікае.
Не ўзнікае праблем і ў тых, хто едзе па працоўных візах, на лячэнне, займаецца міжнароднымі перавозкамі…
Цікавае пытанне, хто яшчэ ездзіць за мяжу часцей, чым раз на пяць дзён?
Тым не меньш, пасля падпісання пастановы Саўміну № 753, якая рэгулюе вываз паліва з тэрыторыі Беларусі, на Гродзенскай рэгіянальнай мытні не сціхаюць тэлефонныя званкі ад усхваляваных і спалоханых грамадзян.
Усе складаныя пытанні супрацоўнікі Гродзенскай рэгіянальнай мытні аператыўна перанакіроўваюць у Мінск.
Віктар Гурэеў:
–Шмат пытанняў знікне, калі проста ўважліва прачытаць тэкст Пастановы.
Хаця жыццё нашмат больш разнастайнае, чым любыя правілы, таму ўсе складаныя пытанні ў дадзены момант абагульняюцца, вырашаюцца ў Дзяржаўным мытным камітэце, і ў найбліжэйшы час на сайце http://gtk.gov.by з’явяцца афіцыйныя тлумачэнні і раз’ясненні.
Фота з сайта http://telegraf.by