Гродзенцы выйшлі на дзве цэнтральныя плошчы

|

Удзельнікаў маўклівай акцыі на плошчах Савецкай і Леніна пратрымалі каля трох гадзінаў у Кастрычніцкім РАУС на Гая і, па чутках, у Ленінскім РАУС на Азёрскай шашы. Падзялілася ўражаннямі адна з затрыманых:

 

Спачатку нас сабралі ў актавай залі. Было там каля 30 чалавек, збольшага хлопцы. З намі былі і польскія журналісты. Пасля ўсіх развялі па кабінетах, узялі тлумачальныя запіскі, што мы рабілі ў цэнтры горада, “адкаталі пальцы”, знялі кожнага на відэа. Нам так і не патлумачылі, па якой прычыне мы былі затрыманыя. Нехта з супрацоўнікаў казаў “не ведаю”, хтосьці “запытаеце ў іншага”.

 

Акцыя пачалася ў 19 гадзін. Дагэтуль на плошчы Савецкай ужо з гадзіну ішоў канцэрт “адкрыццё трэцяга працоўнага семестра навучальнай моладзі”. Пад гукі расейскай поп-музыкі ўдзельнікі пачалі збірацца з боку Савецкай плошчы, дзе не было святкуючых. Каля плошчы стаялі міліцэйскія аўтазакі.

 

Калі пачаліся затрыманні, я нават не паспела заўважыць. Да мяне з-заду падышлі міліцыянты, узялі пад рукі і без тлумачэння павялі ў машыну, – патлумачыла дзяўчына, якую затрымалі на плошчы Савецкай адной з першых.

 

Па словах відавочцаў, хапалі збольшага тых, хто рабіў відэа ці здымкі.

 

У ліку затрыманых апынулася і журналістка польскага радыё Тоk FM Агнешка Ліхнеровіч, якая адсочвае працэс над Анджэем Пачобутам:

 

Не ведаю, навошта мяне затрымалі. Папросту хапалі людзей і цягнулі да аўтазакаў.

 

Журналістку пасля двух гадзін затрымання ў Кастрычніцкім РАУС выпусцілі, паведамляе www.tokfm.pl.

 

Таксама затрымалі аператара польскага канала TVP грамадзяніна Расеі Барыса Чарняўскага, якога таксама выпусцілі без складання пратакола.

 

Астатнія ўдзельнікі прыкладна праз 40 хвілін пасля пачатку маўклівай акцыі пад апладысменты разышліся.

 

Ініцыятыва выходзіць кожную сераду на цэнтральныя плошчы сваіх гарадоў на народныя гулянні нарадзілася ў сацыяльных сетках. 8 чэрвеня такі шпацыр адбыўся упершыню і ў Мінску сабраў каля 400 чалавек. Гулянні адбыліся і ў шэрагу іншых беларускіх гарадоў. Народныя гулянні, без транспарантаў і сцягоў, — такая форма пратэсту абраная, каб удзельнікаў нельга было звінаваціць у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі. Патрабаванні ўдзельнікаў празрыстыя і без лозунгаў — палітычныя і эканамічныя перамены.

 

alt=”Image 15379″ >