Вёска Гервяты атрымала ў дар мастацкую галерэю
Асацыяцыя на чале з расійскім калекцыянерам, мастаком і журналістам Мікалаем Карнілавым яшчэ ў 2009 годзе распачала дабрачынны праект, накіраваны на падтрымку мастакоў-пачаткоўцаў, таленавітых дзяцей і культурнае развіццё насельніцтва невялікіх гарадоў і мястэчак.
У межах гэтага праекта асацыяцыя вырашыла падарыць Гродзенскай вобласці каля 1500 мастацкіх твораў, выкананых мастакамі з Расіі, Украіны, Беларусі, Узбекістана, Францыі, краін Афрыкі, стварыўшы для гэтага некалькі мастацкіх галерэй.
Першай летам 2010 года адкрылася галерэя ў Ашмянах, сёння адкрываецца ў Гервятах, наступная будзе створана ў Смаргоні.
Акрамя карцін і графічных твораў, міжнародная асацыяцыя “Мастацтва народаў свету” перадае ў дар кнігі пра мастацтва і мастакоў, якімі змогуць скарыстацца настаўнікі і кіраўнікі мясцовых гурткоў.
Стваральнік і старшыня Міжнароднай асацыяцыяцыі “Мастацтва народаў свету” Мікалай Ізосімавіч Карнілаў – вядомы расійскі мастак, калекцыянер і мецэнат.
Здолеў сабраць калекцыю, у якую ўваходзяць каля 10 000 мастацкіх твораў.
Адкрыў дзесяткі галерэй у Расіі.
Карціны з сваёй калекцыі Мікалай Карнілаў не прадае, а раздае музеям і асяродкам культуры.
На фота: Мікалай Карнілаў