Суд на Андрэем Пачобутам. Дзень другі

|

Суддзя Віталь Лецка абвясціў перапынак для таго, каб абарона мела час азнаёміцца з падкарактаваным абвінавачаннем.

Працэс над Андрэем Пачобутам закрыты, таму родныя падсуднага, сябры і журналісты чакалі навінаў каля будынку.

 

Выканаўца абавязкаў старшыні Саюза палякаў Анжаліка Арэхва, піша Свабода,  звярнулася да прысутных.

Яна сказала, што ёй патэлефанавалі з Варшавы і паведамілі, што каля беларускай амбасады ў Польшчы адбываецца акцыя пратэсту супраць суду над Андрэем Пачобутам.

Удзельнікі пікету ў Варшаве патрабуюць: “Свабоду Пачобуту!”.

Суд над журналістам Андрэем Пачобутам, якога вінавацяць у паклёпе і абразе прэзідэнта, распачаўся 14 чэрвеня.

Тады падтрымаць журналіста пад ганкам суда сабраліся больш за 100 чалавек.

У першы дзень суда пракурор папрасіў час для ўдакладнення абвінавачання, таму наступнае паседжанне было прызначана на сёння, 17 чэрвеня.

Па словах адваката журналіста Аляксандра Бірылава, на ўсе хадайніцтвы абароны пракурор рэагуе адмоўна.

 

За судом над журналістам аднаго з вядучых польскіх СМІ напружана сочыць польскі бок.

Палітычная партыя Польшчы PiS (Prawo i Sprawedliwosc) падрыхтавала законапраект, які прадугледжвае абмежаванне дыпламатычных стасункаў з Беларуссю ў выпадку, калі прысуд журналісту будзе жорсткім.

 

Фота  з сайта  http://nn.by