Паліва з Беларусі цяпер вывозяць па даверанасцях

|

Калі кіроўца машыны не можа выехаць на ёй за мяжу часцей, чым раз на 5 дзён, то гэта  робяць па даверанасцях яго блізкія і сябры.

Прыбытак, канешне, ужо не той, тым не меньш, пакуль мытнікі не зарыентаваліся, удаецца перавозіць у Польшчу паліва амаль штодня: за рулём то сам уладальнік, то жонка, то брат…

 

Тым часам на самым папулярным сярод гродзенскіх кіроўцаў памежным пераходзе Брузгі зноў пачалі з’яўляцца чэргі.

Калі шлагбаўм на выезд з Беларусі аўтамабілісты пераадольваюць яшчэ дастаткова хутка, то на лініі “чырвонага калідора” давядзецца пастаяць: тут збіраюцца тыя, хто дэкларуе тавар на вываз, і тыя, каго “завярнулі” памежнікі з “зялёнага калідора”.

Дагэтуль штодня дзесяткі машын спрабуюць выехаць праз Брузгі за мяжу насуперак пастанове №753.

Нехта з кіроўцаў спрабуе ціснуць на жаль, нехта пагражае, аднак у такім выпадку супрацоўнікі мытнага кантролю  ў выездзе з краіны адмаўляюць.

 

Дзяржаўны мытны камітэт сцвярджае, што пасля ўвядзення ў дзеянне пастановы Саўміну, за суткі амаль удвая зменшылася колькасць транспартных сродкаў, якія выязджаюць за межы Беларусі.

Па падліках прадстаўніка камітэта, гэта як мінімум 500 тон паліва коштам больш за 2 млрд. рублёў.

У сувязі з невыкананнем патрабаванняў пастановы №753 мытныя органы адмовілі ў выездзе за мяжу прыкладна 2000 транспартным сродкам.