Удзельнікі акцыі ў Брузгах вінаватыя дзяржаве яшчэ 7,5 мільёнаў

|

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на старэйшага памочніка пракурора вобласці Вячаслава Ігнаціка, пракуратура патрабуе спагнаць з вінаватых 7 мільёнаў 570 тысяч 770 рублёў у кошт пакрыцця стратаў.

У зыску фігуруюць 36 прозвішчаў найбольш актыўных удзельнікаў.

Для аховы грамадскага парадку 12 чэрвеня, у дзень правядзення недазволенага пікету каля памежнага пункта пропуску “Брузгі” на беларуска-польскай мяжы былі задзейнічаны сілы і сродкі органаў унутраных спраў.

Выдаткі УУС аблвыканкама паводле пракуратуры склалі больш за 6 мільёнаў 900 тысяч рублёў.

З-за спынення руху на мяжы, страты ў памеры 621 тысячы 158 рублёў панесла і Гродзенская рэгіянальная мытня, а больш дакладна, мытны пост “Брузгі”.

 

Затрыманых падчас акцыі пратэстоўцаў судзілі на наступны дзень.

Тады 15 удзельнікаў акцыі былі аштрафаваныя за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання і непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў на 70–80 базавых велічынь ( 2 450 000 – 2 800 000 рублёў).

Адзін з затрыманых аштрафаваны на 25 базавых велічынь — 875.000 рублёў.

 

16 чэрвеня ў Гродзенскім абласным судзе зноў прайшлі суды.

Гэтым разам над тымі, каго зафіксавалі падчас хваляванняў на мяжы аператыўныя фота- і відэаздымкі.

Дакладная колькасць асуджаных невядомая. Каралі штрафамі ў памеры 30 базавых велічынь (1 050 000 рублёў).