Пад Слонімам ліквідуюць могільнік пестыцыдаў
Дуст, таксічнасць якога сёння не выклікае сумніваў, актыўна выкарыстоўваўся для апрацоўкі палеткаў.
У пачатку 1970-ых гадоў, калі стала зразумелай сувязь паміж выкарыстаннем пестыцыдаў і ростам анкалагічных захворванняў, нараджэннем дзяцей з адхіленнямі, смяротныя хімікаты з усёй Беларусі былі звезеныя і пахаваныя пад Слонімам адпаведна распаўсюджанай тады тыпавой схеме ўтылізацыі.
За 40 гадоў могільнік, які паспеў зарасці соснамі, ператварыўся ў міну запаволенага дзеяння.
Калі пестыцыды не абясшкодзіць, яны раней ці пазней трапяць у грунтовыя воды, а гэта будзе ўжо экалагічная катастрофа.
Працы, якія пачаліся гэтай вясной, павінны скончыцца ў лістападзе 2012 года. Адна з праблем у тым, што падрабязнага плана могільніка няма, а гэта значыць, што большасць пахавання хімікатаў давядзецца раскопваць уручную.
Пры гэтым фізічны стан пестыцыдаў на сёння небяспечны.
За гэтыя гады парашок часткова паспеў змяшацца з зямлёй, што шматкроць ускладняе задачу.
Для ўпакоўкі сабранага дусту будзе дастаўлена каля 10 тысяч спецыяльных новых бочак.
У іх хімікаты пераправяць у Германію.
Утылізацыяй пестыцыдаў зоймуцца спецыялісты нямецкай кампаніі Sava.
А пакуль беларускія выратавальнікі атраду спецыяльнага прызначэння МНС у адмысловых гумовых касцюмах збіраюць смяротнае рэчыва.
Працуюць у групах па 15 чалавек, якія дзеля бяспекі людзей змяняюцца кожныя 2 тыдні.
Фінансуе ўтылізацыю Слонімскага пахавання хімікатаў Сусветны банк.
Кошт праекта – каля 500 тысяч долараў.
У Беларусі налічваецца яшчэ 6 могільнікаў пестыцыдаў: у Петрыкаве, Дрыбіне, Гарадку, Друі, Верхнядзвінску і Паставах.
Пасля далучэння Беларусі да Стакгольмскай канвенцыі па абясшкоджванні трывалых арганічных забруджвальнікаў, Сусветны банк выдзяліў рэспубліцы на гэтыя мэты пяць з паловай мільёнаў долараў.
Да 2028 года ў Беларусі не павінна застацца ніводнага могільніка пестыцыдаў.
Паводле http://news.tut.by