Данута Бічэль: як я стала празаікам
Гэтую сустрэчу ў грэка-каталіцкай парафіі ў капліцы на Дзевятоўцы назваць прэзентацыяй можна было ўмоўна. Кніга ўспамінаў “Мост святога Францішка” была выдадзеная паўгады назад, у Гародні паэтка яе прэзентавала падчас калядных літаратурных сустрэчаў, якія запачаткавала галерэя “Крыга”.
Паэту як паветра патрэбна быць пачутым і выслуханым. Таму гэтую сустрэчу з чытачамі (а сустрэч робіцца ўсё меней) сп Данута скарыстала як магчымасць выказацца пра ўсё самае важнае. Расповед пра кнігу “Мост святога Францішка” займаў толькі частку амаль паўтарагадзіннага маналогу паэткі… Але ад гэтага сустрэча не была менш цікавай. Як кажа сама Данута Янаўна, мысленне яе – паэтычнае, яна думае ўрыўкамі.
Нам падалося слушным так і прадставіць гэтую сустрэчу-прэзентацыю – кавалкамі-выказваннямі: пра сябе-паэтку, пра сябе-празаіка і пра тых, хто сустракаецца на “Мосце святога Францішка”.
Жыццё доўгае. Скажам, калі я думаю пра сябе і пра Максіма Багдановіча, дык канешне, хочацца жыць проста, але як для паэта, дык надта добра, калі жыць не так доўга, бо трэба ўвесь час пісаць нешта…
Я ўжо стамілася ад рыфмаў і рытмаў, але ад метафар, ад мастацкага іншасказання – не. Яно прыемнае – таму што шукаць, як сказаць не так, як гаворыш кожны дзень, на будні дзень, шукаць нешта такое незвычайнае, такія сугуччы слоў і іх значэнне – гэта прыемная работа проста.
Паэты – гэта вельмі шчаслівыя людзі. Таму што яны ўвесь час жывуць у нейкай такой вопратцы, як арэх у лушпінцы. Яны ўвесь час у гэтым сваім, у сваёй мове, у мове незвычайнай, яны першаадкрывальнікі ўвесь час, яны адкрываюць тыя самыя звычайныя словы, якія гучаць неяк, павярнуўшы, па-другому.
Неяк так вышла, што я пісала крышку гэтую прозу, але яна ў мяне не зусім проза, яна метафарычная. Я думаю абзацамі. Маю прозу можна – выкідаць кускі, скарачаць, дапаўняць. Ад гэтага нічога не зменіцца, бо я ўвогуле паэт па сваёй натуры.
Я – гэта жывая памяць таго, што было. І мне хацелася дзяўчаткам, якія будуць на гэтай зямлі і ўсё-ткі будуць карыстацца гэтай мовай, расказаць, якая была мая Беларусь – якая яна была светлая, чыстая, якая яна была ўсё ў кветках. Яна была выпалатая, яна была выкашаная, яна была выцалаваная. Гэта была святая зямля.
Па словах Дануты Янаўны, кніга “Мост Святога Францішка” для яе самой “выканала адразу некалькі заданняў”
Гэтая кніга выканала шмат заданняў by t-styl
Першая назва кнігі ўспамінаў гучала як “Мужчыны”. Намаляваныя мужчынскія вобразы ў эсэ далі падставу для размоваў пра тое, што “Мост святога Францішка” – гэта кніга ўспамінаў пра “мужчын Дануты Бічэль”. Паэтка такую думку абвяргае
Пра жаночыя таямніцы ў кнізе ўспамінаў by t-styl
А пасля дадала: “мне трэба было таксама ўсё гэта ўладкаваць у сваёй душы, гэта і развітанне з усімі гэтымі хлопцамі…”.
Я малюся за ўсіх герояў сваёй кніжкі, пачынаючы ад Адама Міцкевіча і сканчаючы ўсімі, якія жывыя і каго я ўспомніла…