Лідчына прадэманстравала свой эканамічны патэнцыял
Штогадовы эканамічны форум у Лідзе ўжо даўно вырас з рэгіянальнага ў міжнародны. У гэтым годзе Лідскі раён прапанаваў фундатарам каля 30 буйных праектаў. Арганізатары кажуць, што менавіта пасля такіх сустрэч заключаюцца шматмільённыя кантракты. На тэрыторыі раёна ўжо працуюць 40 прадпрыемстваў з замежным капіталам.
Асноўны акцэнт для прыцягнення замежных інвестыцый у рэгіён робіцца на машынабудаванне і металаапрацоўку, хімічную вытворчасць, апрацоўку драўніны, выпуск транспартных сродкаў і абсталявання, горназдабыўчую, харчовую, тэкстыльную і швейную прамысловасць.
Папулярнасцю ва ўдзельнікаў форума карысталася лідская сельгастэхніка. Гэтыя машыны адпавядаюць усім еўрапейскім стандартам, іх кошт значна ніжэй замежных аналагаў. Намер набыць гэту тэхніку ўжо выказалі прадстаўнікі Літвы, Расіі і Ўкраіны.
Артур Сямашка, літоўскі бізнэсмэн, які больш года супрацоўнічае з беларускімі дрэваапрацоўчымі прадпрыемствамі: “Мы бачым у беларускіх кампаніях сур’ёзных партнёраў, прыемна з імі працаваць. Прыехалі для таго, каб паглядзець, знайсці нейкія новыя кантакты. Ну і вядома ж павялічыць свае экспартныя магчымасці”.
Сур’ёзную зацікаўленасць у літоўскіх дзелавых кругах выклікала адкрыццё ў Лідзе філіяла вольнай эканамічнай зоны «Гроднаінвест». Пад будаўніцтва прадпрыемстваў адведзена больш 600 гектараў зямлі. Шматлікія бізнэсмэны прыехалі, каб высвятліць умовы, на якіх можна тут працаваць.
У рамках фестывалю, у апошні дзень мерапрыемства, адбылося адкрыццё спартыўна-аздараўляльнага комплексу “Алімпія”. У цырымоніі адкрыцця аб’екта прынялі ўдзел кіраўніцтва мясцовай улады, будаўнічых арганізацый, прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму. Першым спартыўным мерапрыемствам у новым будынку стала правядзенне рэспубліканскага турніру па валейболе сярод мужчынскіх каманд.
Фота з belta.by