Візы на “Басовішча” – пад пытаннем
“У апошні час з‘явілася інфармацыя, што можа быць праблема з бясплатнымі візамі, – каментуе сітуацыю арганізатар “Басовішча-2011″ Кася Кузьміч.
– Цяпер мы паўсюль шукаем дапамогі, каб яны ўсё ж былі бясплатныя.
Больш падрабязнай інфармацыі я даць не магу, бо кожны дзень у нас новыя перамовы, узнікаюць новыя сітуацыі, з-за якіх мне цяжка адказаць на такое пытанне”.
Нагадаем, што раней арганізатары “Басовішча-2011” абяцалі візавую падтрымку неабмежаванай колькасці жадаючых наведаць фестываль.
“Візавая падтрымка будзе дакладна, – казала Кася Кузьміч у маі. – Зараз вядуцца перамовы пра тое, колькі гэтых віз здолеюць атрымаць гледачы.
Мы імкнёмся, каб гэта была неабмежаваная колькасць людзей, таму пакуль чакаем адказу ад консулаў”.
А каб не ўзнікала пытанняў з афармленнем візавай анкеты планавалася папрасіць дапамогі ў беларускіх турфірмаў.
“Басовішча-2011” пройдзе 22-24 ліпеня ў польскім Гарадку непадалёку ад мяжы з Беларуссю.
Праход да сцэны вольны, а намётавае мястэчка на тры дні будзе каштаваць каля 7 долараў.
У якасці хэдлайнераў заяўленыя гурты Neuro Dubel, IQ48, праект вядомых польскіх музыкаў R.U.T.A і ўкраінскі этна-гурт “ДахаБраха”, які выступіць у супольным праекце з беларускім эмбіент-калектывам “Port Mone”.
Апроч таго, на фестывальную сцэну выйдуць “Зьніч”, “TT-34″, Yellow Brick Road, пераможцы леташняга конкурсу Akute і лаўрэаты Exist-M.
Музычную частку дапоўняць канкурсанты “Басовішча”, а таксама гурты з Вольнай Сцэны.
Апроч канцэртаў, чакаюцца выступы дыджэяў, перформансы, праекцыі фільмаў, сустрэчы з музыкамі, майстар-класы ды іншае.
Паводле http://euroradio.by