Гродзенцы і лідчукі змогуць ездзіць у Вільнюс без візаў
Пагадненне прадугледжвае выдачу дазволу на спрошчанае перасячэнне мяжы сталым жыхарам памежных раёнаў дзвюх краін, размешчаных у 50 кіламетрах ад мяжы, у якіх ёсць сваяцкія сувязі альбо якія па эканамічных, гандлёвых, культурных і іншых прычынах хочуць наведаць памежную тэрыторыю суседняй краіны.
Па спецыяльных дазволах, якія не даюць права на працу, беларусам можна будзе знаходзіцца на тэрыторыі Літвы да 90 дзён.
Мяркуецца, што кошт такога дазволу, сапраўднага цягам 5 гадоў, складзе каля 20 еўра.
У Літве скарыстацца такімі дазволамі змогуць каля 800 тысяч чалавек, у Беларусі – 600 тысяч.
Пагадненне аб спрошчаным перасячэнні мяжы было падпісана Літвой і Беларуссю ў кастрычніку 2010 года.
Паводле http://belta.by