Махляр падмануў 30 гродзенцаў і сам пайшоў у міліцыю

|

Махляр пераконваў даверлівых гродзенцаў у тым, што мае сувязі на заводзе, і можа дапамагчы замовіць вокны за палову кошту.

Пачынаючы з 6 красавіка, паведамляе сайт УУС Гродзенскага аблвыканкама, на сумніўную здзелку пагадзіліся 30 кліентаў.

Кожнаму з іх мужчына паабяцаў выканаць дамоўленасць цягам 3 тыдняў і пакінуў адпаведную распіску з указаннем сваіх сапраўдных дадзеных.

Пацярпелыя аддавалі махляру перадаплату ў памеры ад 500 тысяч да 2 мільёнаў рублёў, усяго больш за 30 мільёнаў.

Не дачакаўшыся замоўленых вакон і дзвярэй, падманутыя людзі пачалі звяртацца ў міліцыю.

 

У гэты час прачнулася сумленне і ў самога махляра, які з’явіўся ў міліцыю з павіннай.

Хлопец нават дапамагаў следству, узгадваючы адрасы і імёны падманутых грамадзян.

Аднак узгадаў далёка не ўсіх.

Следства працягваецца, і знаходзяцца ўсё новыя ахвяры махлярства.