У Гродне энтузіясты ўзяліся за аднаўленне батанічнага саду
Ідэю аднавіць адзін з найлепшых батанічных садоў XVIII ст., паведамляе Белсат, падтрымалі больш за сотню гродзенцаў.
Яны накіравалі мясцовым уладам лісты з заклікам закласці пачатак саду ў цяперашнім парку Жылібэра.
Пошук раслін, адкрытых сучаснікамі навукоўца, распачаўся яшчэ ўвосень.
Але пакуль батанічныя сады Масквы, Вільні, Мадрыду і нават роднага гораду Жылібэра – Ліёну – не адказалі гродзенцам.
Ідэю падтрымала навукоўка з Менску Наталля Шыян.
–Мы звязаліся з калегамі з Інстытуту батанікі НАН Украіны і дамовіліся, што неўзабаве яны прыедуць у Горадню, дзе прэзентуюць гербарную калекцыю Жылібэра, якая цяпер захоўваецца ў іх, – паведаміла навукоўка.
Гарадзенскія ўлады падтрымліваюць ідэю аднаўлення парку, але пакуль не спяшаюцца выдаваць на гэта грошы.
А сродкі спатрэбяцца немалыя.
Запланавана пасадзіць каля 50 відаў розных дрэваў, а таксама аранжарэю, разлічаную на 2 тысячы экзатычных раслін.
Распавядае адзін з ініцыятараў ідэі Аляксей Лойка:
–У парку Жылібэра вылучаць тэрыторыю для саду, але наконт грошай пакуль усё пад пытаннем.
У аддзеле культуры гарвыканкаму кажуць, што на такія праекты трэба планаваць грошы ў гарадскім бюджэце загадзя, сёлета сродкаў на аднаўленне саду, хутчэй за ўсё, не будзе.
Спадар Лойка ўпэўнены, што для праекту можна знайсці інвестара, але дазвол на гэта ўсё адно маюць даць мясцовыя ўлады.