Працягваюцца суды над «маўклівымі рэвалюцыянерамі»

|

Разгляд спраў меў пачацца раніцай, але міліцыя не прывезла ў суд відэаматэрыялы па справах. Працэсы будуць працягвацца ўвесь сённяшні і заўтрашні дзень. Гэтак, на заўтра быў перанесены працэс над журналістам Радыё Свабода Міхалам Карневічам. Суды вядуць суддзі Наталля Козел, Ганна Леўсік і Дзмітрый Кедаль.

Агулам 3 ліпеня ў Гродне было затрымана каля 120 чалавек, з іх 8 прадстаўнікоў СМІ. Публіцыст, журналіст Беларускай службы Польскага радыё Юры Гумянюк атрымаў 12 сутак адміністратыўнага арышту. Журналісты Алесь Дзянісаў і Ігар Банцар атрымалі па 10 сутак і абвясцілі галадоўку. Андрэй Фралоў і Мікола Дзятчэня, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам „Белсат”, атрымалі па 3 сутак арышту. Дзятчэня таксама распачаў галадоўку. Таксама былі затрыманыя, але пазней адпушчаныя журналісткі Гражына Шалкевіч і Ганна Навумовіч.

Некаторыя затрыманыя яшчэ 4 ліпеня былі пакараныя штрафамі у памерах 20 і 30 базавых велічыняў. Сярод затрыманых трапіўся таксама грамадзянін Расіі.

Таксама стала вядома, што супрацоўнікі КДБ пачалі па тэлефоне выклікаць затрыманых на размовы.

Паводле Гарадзенскай вясны