Сляпая Феміда: у Гродне за плясканне ў ладкі асудзілі хлопца з пратэзам рукі

Некаторым з затрыманых давялося выклікаць хуткую дапамогу. Выракі ўчарашніх судоў не менш жорсткія.

Спадарыня Алена чакала сына, які вяртаўся з бібліятэкі.

Калі яна пабачыла, як затрымліваюць людзей, то пачала гэта здымаць. Да яе падляцелі двое ў цывільным і забралі фотаапарат.

Пасля атрымала званок ад сына — яго схапілі.

Ён змог толькі паведаміць, што пры затрыманні згубіў абутак і шапку.

Па словах суразмоўніцы, яна цэлы вечар шукала сына па пастарунках:

 

Калі апошнім выйшаў мой сын, я як убачыла — на ілбе ў яго вялікая гематома, куртка парваная — жах!

Я адразу кінулася пісаць заяву ў судова-медычную экспертызу, а там сядзіць жанчына-міліцыянт і смяецца нам у твар, кшталту, пішыце-пішыце, пісары, усё роўна з вашай пісаніны нічога не будзе.

7 ліпеня ў Гродне працягваліся судовыя працэсы над удзельнікамі акцыі 3 ліпеня. Спадарыня Кацярына, якую затрымалі разам з мужам, кажа, што суддзя нават ня слухала яе аргументаў і вынесла максімальны прысуд — 1 мільён 50 тысяч штрафу:

На здымках мне паказвалі іншую дзяўчыну і казалі, што гэта я.

Суддзя павышала голас і пачала мяне блытаць.

Я казала, што не была пад Ратушным.

Я калі прыйшла, ужо на вуліцы было пахмурна і цямнела. А мне пачалі казаць, што я перафарбавала валасы, каб не маглі даказаць, што на здымках я.

Спадара Канстанціна таксама асудзілі на 1 мільён 50 тысяч рублёў.

Адзін сведка пераконваў суд, што затрыманы пляскаў у ладкі.

Бацька спадара Канстанціна не вытрымаў у залі суда і заявіў: як гэта можна, калі мой сын інвалід, у яго замест рукі пратэз…

Спадар Канстанцін:

Суддзя ўсё гэта праслухала, а потым апусціла галаву і сказала: штраф 1 мільён 50 тысяч рублёў.