У Беларусі могуць з’явіцца электронныя праяздныя
Плануецца, што новая сістэма аплаты праезду ў гарадскім пасажырскім транспарце будзе распрацавана ў 2011 г. Але калі электронныя праяздныя ўвойдуць у прыктыку, у Міністэрстве транспарту і камунікацый адказаць не могуць. Укараненне новай сістэмы патрабуе істотных фінансавых выдаткаў.
За мяжой аналагічныя сістэмы ёсць, але яны дарагія. У Міністэрстве адзначылі, што беларуская сістэма будзе ўнікальнай, распрацаванай згодна з сітуацыяй у нашай краіне.
“У рэспубліцы ідзе прапрацоўка пытання, каб у пасажырскім транспарце чалавек мог аплочваць праезд не з дапамогай папяровага квітка, а з дапамогай пластыкавай электроннай карткі”, – сказаў Валерый Міленькі, першы намеснік генеральнага дырэктара БелНІІТ “Транстэхніка” Міністэрства транспарта і камунікацый. Ён таксама дадаў, што гэта будзе зручна і пасажырам, і прадпрыемствам, якія эксплуатуюць транспартныя сродкі.
“Я думаю, што да канца года новая сістэма будзе распрацавана”, – сказаў першы намеснік гендырэктара.
Акрамя гэтага, на прэс-канферэнцыі падводзіліся вынікі па выдатках ад эксплуатацыі транспартных сродкаў. Па выніках студзеня-чэрвеня сабекошт гарадскіх перавозак склаў 233 млрд. бел. рублёў (без уліку дадзеных па Менску), прыгарадных перавозак -110 млрд. бел. рублёў.
Выдаткі грамадзян на гарадскія перавозкі ад гэтай сумы склалі 62,5% пры плане 72%, на прыгарадныя – 53,3% пры плане 65%.
Валерый Міленькі заўважыў, што пасажырскі гарадскі транспарт у раённых гарадах рэспублікі акупляўся б пры кошце талона 1150 бел. рублёў.
Фота з narachanka.by