Гарадзенцы працягваюць змагацца з «супрацьтанкавымі» бардзюрамі

|

Гэтым разам маршрут удзельнікаў акцыі будзе наступным: плошчы Савецкая – вуліца Савецкая – Дзяржынскага – Дубко – Радзільны дом – БЛК – Врублеўскага – Курчатава – БЛК – Радзільны дом – Горкага – Плошча Тызенгаўза – вуліца Савецкая – плошча Савецкая.

 

На шляху раварысты будуць мераць бардзюры, выяўляючы парушэнні па вышыні, а таксама іншыя напатканыя перашкоды для руху. Па выніках акцыі будзе створаная мапа перашкодаў для роварных паездак. Адпаведны ліст, з подпісамі ўдзельнікаў акцыі будзе накіраваны ў ДАІ.

 

На папярэдні зварот з просьбай выправіць хібы гродзенскія вела-актывісты атрымалі адказ заўчора.

 

Адзін з удзельнікаў акцыі загадзя праехаў частку маршрута мераючы бардзюры – па яго меркаванні, толькі ў трох месцах іх вышыня не перавышала нормы.

– Акцыя «Бардзюрная пятніца» скіраваная на стварэнне безбар’ернага асяродку, таму ёй зацікавіліся таксама інваліды на вазках. Пакуль што яны не адгукаліся, але, магчыма, далучацца ў наступных акцыях, – кажа адна з удзельніц.

 

«Бардзюрня пятніца» адбываецца кожную апошнюю пятніцу месяца. Пачатак у 19.00, траса пачынаецца і сканчаецца на Савецкай плошчы.

 

Папярэдняя цыклічная акцыя гродзенскіх раварыстаў – «Крытычная маса» – спыніла сваё існаванне пасля таго, як ДАІ выставіла яе ўдзельнікам невыканальныя патрабаванні: рухацца толькі па тратуарах.