Басовішча: фэст адбываецца пры любым надвор’і

| Без катэгорыі

Не самы вялікі колькасна лайн-ап у гэтым годзе браў якасцю: фактычна, на сцэне не было «прахадных» гуртоў. Усе ў той ці іншай меры адпавядалі канцэпцыі фэста.

 

Бетон і zero-85 (гэтакі наш адказ Tool) прадстаўлялі маладзейшае і старэйшае пакаленні падляшскіх беларусаў. Yellow Brick Road, Akute i Port Mone не давалі забыць, што гэта – фестываль маладой і актуальнай музыкі, незаўсёды беларускамоўнай. Neuro Dubel, IQ48 i :B:N: працягвалі традыцыі фестываля і паказвалі пераемнасць паміж гадамі. ДахаБраха, R.U.T.A. i Tymon&Transistors сваёй прысутнасцю і колькасцю людзей, якіх здолелі сабраць пад сцэнай, пацвярджалі міжнародны характар фэста.

 


Сярод гледачоў, твары якіх ужо добра ведаеш з мінулых гадоў, сярод якіх мноства сяброў і знаёмых, пануе адзіная думка: Басовішча не проста вялікі канцэрт – гэта месца сустрэч блізкіх людзей, дзе музычныя складнікі сыходзяць на другі план.

 

Па рэкамендацыі такіх вось старых наведнікаў, на фэст трапляюць і новыя слухачы, для якіх уласна канцэрты ўсё яшчэ, але ненадоўга, маюць большую вартасць:


Новыя асобы на Басовішчы by t-styl

 


Новыя асобы на Басовішчы – 2 by t-styl

 

На жаль, у гэтым годзе шматлікія сталыя ды патэнцыйна новыя ўдзельнікі не змаглі дабрацца да Грудэка па розных прычынах: кепскага надвор’я, адсутнасці сэнсоўнай візавай падтрымкі ды працяглага валютнага крызіса ў краіне.

 


Сябра аргкамітэта Сева Шлыкаў пра невялікую колькасць людзей у гэтым годзе by t-styl

 

Пытанне наконт такой няўдалай сітуацыі з візамі арганізатары пакінулі без каментароў, але зразумела, што з сёлетнімі неверагоднымі чэргамі ў гродзенскае консульства і чаканым высяленнем амбасады ў Мінску – польскім дыпламатам было не да штогадовых песен і плясак на памежжы. Конкурс, як і ў мінулыя гады, прыцягнуў мінімальную ўвагу, хаця сваёй прысутнасцю ў журы вядомага крытыка Таццяны Заміроўскай, якая, ў пэўным сэнсе, падняла яго узровень. Патэнцыйным пераможцам была «Гаротніца» – адзін з праектаў Андруся Такінданга, сёлетняга вядоўцы БАСоў. Але зусім нечакана галоўны прыз узяў няўцямны індзі-гурт Yellow Power. З вердыктам пагадзіліся не ўсе: Віктар Дзятліковіч, аўтар кнігі «Іх Мроя, іх N.R.М.» і сталы наведнік фестываля, яшчэ перад абвяшчэннем вынікаў голасна патрабаваў пад сцэнай адзначыць гурт «Амарока».

 


Таццяна Заміроўская абвяшчае вынікі конкурснай часткі by t-styl

 

Нягледзячы на тое, што гледачоў на фестывалі было мала як ніколі, ў тое, што фестываль «загінаецца», не верыш. Чуткі пра смерць БАСоў моцна перабольшаныя, у асноўным тымі людзьмі, якіх там даўно не было. А, насамрэч, усё проста: БАСы не паміраюць, яны проста кожны год перараджаюцца.

 

Бо Басовішча – гэта ўжо даўно не рок-фестываль, хаця моцныя гітарныя гукі – ягоны сталы і асноўны складнік. Басовішча гэта ўжо даўно не адзін толькі беларускамоўны фэст, але фэст музыкі Беларусі. Басовішча – гэта ўжо не конкурс, які адкрывае новыя зоркі беларускай альтэрнатыўнай сцэны, але месца сяброўскіх сустрэч.

 

Басовішча 2011. Граюць гурты: Vuraj, Yellow Brick Road, Akute, Zero-85, DakhaBrakha&Port Mone, Tymon&Transistors, Neuro Dubel, Znich

 

Басовішча – гэта людзі, якія яго робяць, і людзі, якія на яго прыязджаюць, гэта касмадром у колішнім піўным бары, кінатэатр у былым будынку памежных войскаў, п’яныя целы, смярдзючыя прыбіральні, а раніцай – душ, супчык і півас на бліскай запраўцы. Басовішча – гэта калі ў дзікім танцы табе дае пад дых польскі панк, а другі адразу дапамагае ўстаць.

 

Басовішча – гэта тое, што жыве незалежна ад зменаў у камандзе арганізатараў, фінансавых праблем і музычных фарматаў. Гэта тое, што жыве і змяняецца так, як мы з вамі.

І як Беларусь.

 

Здымкі: Мая Зентара

Відэа: Марэк Бомба