«Лялька – таксама чалавек»
У тэатральнай частцы будзе паказаная «сюіта без словаў для картона і кантрабаса» пад назвай Toporland і спектакль па матывах Збігнева Герберта «Другі пакой». Абедзве п’есы пастаўлены трупай Унія Немагчымы Тэатр –лялечным тэатрам для дарослых, які ўжо шэсць год арганізуе ў Варшаве міжнародны фестываль «Лялька – таксама чалавек». Фармат варшаўскага фестываля надзвычай разнастайны: на адной сцэне можна пабачыць спектакль «Пуцін» на падставе дзённіка Анны Паліткоўскай і народную казку з Кеніі.
Анімацыі прадставяць дзве польскія студыі: «SE-MA-FOR» и «SERAFINSKI». Першая з іх існуе з 1947 года ў Лодзі і вядомая сваімі лялечнымі фільмамі. Студыя стварыла такія вядомыя стужкі, як «Пеця і Воўк» (Оскар у 2008 годзе за лепшую анімацыю) ці найноўшы польскі гонар – 3D стужку «Свіцязь». Другую студыю ў 2007 годзе заснаваў вядомы польскі рэжысёр анімацыі Марэк Сэрафіньскі.