На адкрыццё алтара Фарнага касцёла прыйшло каля 1000 вернікаў

На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі міністэрстваў культуры Беларусі і Польшчы, духавенства і каля тысячы вернікаў, якія прыйшлі ўшанаваць святыню.

 

У 12 гадзін у Фарным касцёле пачалося святочнае набажэнства, якое правёў арцыбіскуп Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Ён жа правёў цырымонію асвячэння алтара.

Спытаем у гарадзенцаў, што для іх значыць гэтая падзея і што падштурхнула іх прыйсці сюды.

 

Наталля:  “Мая бабуля ўжо шмат гадоў ходзіць у гэты касцёл. Ён вельмі важны для яе. Таму сёння мы ўсёй сям’ёй вырашылі прыйсці на гэтую важную і для маёй бабулі, і для нас, і для ўсіх жыхароў горада падзею.”


“Калі шырма апускалася, у мяне замерла дыханне. Я вельмі чакала гэтага дня! Мне падаецца, што гэта вельмі важная падзея для ўсяго нашага горада,” – дзеліцца ўражаннямі Святлана, прыхаджанка касцёла.

Рэканструкцыя алтара цягнулася пяць гадоў і праводзілася ў чатыры этапы. Па аднаўленню святыні працавалі лепшыя майстры Беларусі, Польшчы і Літвы. Над аднаўленнем скульптур працавалі разбяры з Воранава, залачэннем займаліся спецыялісты з Вільнюса, а навуковае куратарства аднаўленчых работ узялі на сябе палякі. Дарэчы, навуковым кіраўніком аднаўленчых работ у катэдры выступіў галоўны рэстаўратар Каралеўскага замка ў Варшаве Павел Садлей.

 

Нагадаем, што ў 2006 г. у Фарным касцёле здарыўся пажар, падчас якога была знішчана частка ўнікальнага драўлянага алтара XVIII стагоддзя – рэльефныя калоны, частка балюстрады, дэкор і чатыры скульптуры. Здарэнне адбылося з прычыны праблем з праводкай.

 

Да памятнага мерапрыемства выдадзены фотаальбом, які прысвечаны пяці гадам працаў па аднаўленню алтара. На здымках можна ўбачыць, якой была святыня да пажару, падчас рэстаўрацыі і пасля яе.

 

Канчатковы пункт рэстаўрацыі – пазалачэнне, якое яшчэ не паспелі да канца зрабіць. Па словах пробашча касцёла ксёндза Яна Кучыньскага, яшчэ трэба пазалаціць фігуры і ніжнюю частку калон. “Але мы нікуды не спяшаемся, будзем праводзіць пазалачэнне ў некалькі этапаў,” – паведаміў Ян Кучыньскі.

 

Ды і не трэба нікуды спяшацца, тым больш у такой справе. Як калісьці казаў знакаміты іспанскі архітэктар Антоніо Гаудзі, руцэ якога належыць узвядзенне фантастычнага Сабора Святога Сямейства, “Мой замовец нікуды не спяшаецца”, меўшы на ўвазе Бога.

 

Фота Яраслава Ванюкевіча