“Крэўскі кірмаш” запрашае

|

Праграма свята, папярэдне разлічаная на два дні, скарацілася да аднаго.

 

Вольга Кастрамінава, адна з арганізатарак:

Праграма  распачнецца ў 15.30. Спецыяльна пачынаем пазней, каб як мага больш мясцовых жыхароў змаглі паўдзельнічаць, бо вясковыя людзі ў гэтую пару вельмі занятыя.

У вялікім канцэрце будуць удзельнічаць мясцовыя калектывы і госці з Менску. Чакаем гурты «Князь Мышкін»,  “Гарынь”, «Нагуаль», «Рацыянальная дыета», «Святкі», «Фолкінэры», «The Silicon», іншыя калектывы, будуць барды.

Музычная праграма будзе перамяжацца выступамі паэтаў. Абяцалі прыехаць Леанід Дранько-Майсюк, Пашкевіч, Т.Беланогая…

У прынцыпе сцэна будзе адкрытая для ўсіх, паўдзельнічаць зможа кожны, прачытаўшы свае вершы ці заспяваўшы.


Падчас канцэрта на тэрыторыі замка  будзе працаваць горад майстроў (рамесніцкі кірмаш) і майстар-класы па танцах і вырабе народных лялек.

Праграма фэсту скончыцца каля 21 гадзіны.

 

Завяршальным акордам стане ўганараванне пераможцаў конкурсаў у намінацыях:

“Крэўскі гаспадар-2011” (гледачы выбіраюць асобу (жыхара Крэва), якая лепш за ўсё прадставіла ўласны падворак),

“Крэўская гаспадыня-2011” (гледачы выбіраюць асобу (жыхарку Крэва), якая лепш за ўсё прадставіла ўласны падворак),

“Крэўскі кухар–2011” (гледачы выбіраюць асобу, якая згатавала самую смачную страву фестываля. Удзельнікі дадзенай намінацыі прадстаўляюць рэцэпт прыгатаванай стравы ў аргкамітэт. Па выніках фестывалю плануецца выданне кнігі “Крэўскі кухар”),

“Крэўская князёўна–2011” (гледачы выбіраюць асобу (выступоўцу, госцю фестываля або жыхарку Крэва), якая больш за ўсіх прадстаўляе вобраз старажытнай Крэўскай зямлі),

”Крэўскі князь–2011” (гледачы выбіраюць асобу (выступоўца, госця фестываля або жыхара Крэва), якая больш за ўсіх прадстаўляе вобраз старажытнай Крэўскай зямлі),

“Крэўскі фальклёр-2011” (гледачы выбіраюць гурт, які лепш за ўсё адлюстраваў беларускую фальклёрную спадчыну ў песнях),

“Крэўскі авангард-2011” (гледачы выбіраюць гурт, які лепш за ўсё адлюстроўваў эксперыментальны музычны накірунак беларускай музыкі),

“Крэўскі бард-2011” (гледачы выбіраюць лепшага спевака фестывалю),

“Крэўскі паэт-2011” (гледачы выбіраюць лепшага паэта-вершаскладальніка фестывалю),

“Крэўскі цуд – 2011” (гледачы выбіраюць асобу (выступоўцу, госця фестываля або жыхара Крэва), якая больш за ўсіх здзівіла прысутных сваім убраннем, выступам, праведзеным майстар-класам ды інш.).

“Крэўскі майстар-2011” (гледачы выбіраюць лепшага майстра, рамесніка фестывалю. Улічваюцца знешні воблік, рамесныя навыкі, уменне падаць выраб перад пакупніком),

“Крэўскі гандляр–2011” (гледачы выбіраюць лепшага гандляра фестывалю. Улічваюцца знешні воблік, навыкі продажу, уменне падаць тавар перад пакупніком),

“Крэўскі валанцёр-2011” (прыз ад журы самаму актыўнаму валанцёру ў справе арганізацыі і правядзення фестывалю).


Вольга Кастрамінава:

–          Нашы валанцёры будуць раздаваць гасцям і ўдзельнікам кірмашу бюлетэні, дзе кожны зможа адзначыць упадабанага намінанта. Пераможцы атрымаюць прызы: спецыяльна распрацаваныя і вырабленыя для “Крэўскага кірмашу” статуэткі.

Падрабязная праграма “Крэўскага кірмашу” ўжо сёння ўвечары з’явіцца на сайце Мясцовага дабрачыннага фонду “Крэўскі замак”.