ААТ “Гродна Азот” і “Гродна Хімвалакно” трапілі пад санкцыі
Паводле заявы офіса прэс-сакратара Дзярждэпартамента ЗША, эканамічныя санкцыі супраць гэтых прадпрыемстваў уведзеныя таму, што яны знаходзяцца ва ўласнасці альбо пад кантролем “Белнафтахіму”, санкцыі ў дачыненні якога з перапынкамі дзейнічаюць з лістапада 2007 года.
Міністэрства фінансаў ЗША тлумачыць сваё рашэнне аб увядзенні эканамічных санкцый супраць новых беларускіх прадпрыемстваў няспынным парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.
“Гродна Азот” спецыялізуецца на вытворчасці ўгнаенняў і аміяку, на экспарт ідзе каля 40% прадукцыі. “Гродна Хімвалакно” вырабляе хімічныя валокны, ЗША былі адным з замежных партнёраў прадпрыемства.
З лютага гэтага года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць лідскага прадпрыемства ААТ “Лакафарба” – лідэра Беларусі ў вытворчасці лакафарбавай прадукцыі.
Напярэдадні ўвядзення санкцый, 28 студзеня, на прафесійным конкурсе “Брэнд года 2010” лідскае прадпрыемства перамагло ў спажывецкай намінацыі “Брэнд-Лідэр”.
68% прадукцыі “Лакафарбы” ідзе на экспарт.