210 тысяч кубоў драўніны нарыхтуюць з паламаных ветрам дрэваў на Гродзеншчыне
Сёлета ў пачатку лютага Гродна зачапіў ураган “Нікалас”.
Бура зламала вышку аператара сотавай сувязі “Лайф”, энергазабеспячэнне было парушана ў 431 населеным пункце Гродзенскай вобласці.
Тады моцны вецер паваліў у Гродне дрэвы на чатыры аўтамабілі, сотні зламаных дрэваў засталіся ў лясах.
У першай дэкадзе красавіка непагадзь зноў нарабіла на Гродзеншчыне шмат бяды.
Зноў сотні дамоў засталіся без электрычнасці, жыхарка Ліды атрымала тады сур’ёзныя траўмы ад сарванага ветрам даху на прыпынку.
У Гродне ў двары дома па завулку Парахавым вярба ўпала на дзіцячую пляцоўку, вялізнае дрэва вецер паваліў на машыну каля Румлёўскага парку.
Ламаў дрэвы ўраган і ў трэцяй дэкадзе ліпеня.
Падчас яго асабліва пацярпела Белавежская пушча, на Гродзеншчыне – 40-60-гадовыя сосны ў гаспадарчай зоне Поразаўскага і Новадворскага лясніцтваў.
Па папярэдніх звестках там было пашкоджана каля 1400 га лесу, на 600 га лес амаль цалкам знішчаны.
Начальнік вытворчага аддзелу лесагаспадарчага аб’яднання Барыс Міхайлавіч Сіліновіч:
–Каля 80 тысяч кубаметраў буралому засталося толькі пасля ліпеньскага ўрагану, а калі ўлічыць яшчэ красавіцкі і лютаўскі, то мы павінны 210 тысяч кубаметраў драўніны нарыхтаваць у гэтым годзе.
На сёння нарыхтавалі ўжо 138 тысяч.
У апошнія гады ўраганы з-за перападаў тэмпературы здараюцца ўсё часцей.
Фота з сайта http://perspektiva-info.by
30-40% паламаных дрэваў ідуць на дровы, астатняе, калі хутка нарыхтаваць, прыдатнае і на піламатэрыялы, і для вытворчасці.