“Прэс-фота Беларусі 2011” наведае Гродна

|

Конкурс беларускай прэс-фатаграфіі ладзіцца ініцыятывай “Прэс-фота Беларусі” і буйным фота-парталам “Знята”.

Сёлета ў конкурсе ўдзельнічалі больш за 70 фотажурналістаў, якія прадставілі каля 2000 здымкаў.

23 аўтара ўвайшлі ў лік пераможцаў.

Гран-пры атрымаў фотакарэспандэнт “Нашай нівы” Сяргей Гудзілін за серыю фотаздымкаў “Паўсядзённае жыццё” прысвечаную салдацкім будням у 60-ым палку сувязі ў Барысаве.

 

Здымак-пераможца суправаджаецца тэкстам:

Прагляд вечаровых навін з’яўляецца абавязковым для ўсіх салдат.

У 21.00 усе ваенаслужачыя тэрміновай службы абавязаны глядзець інфармацыйную праграму “Панарама” на дзяржаўным канале беларускага тэлебачання.

Гэты элемент ідэалагічнага выхавання вайскоўцаў выкарыстоўваўся яшчэ ў арміі Савецкага Саюзу і захаваўся ў беларускай арміі, якая лічыць сябе пераемнікам традыцый савецкіх Узброеных Сіл”.

 

Вынікі Прэс-фота Беларусі 2011 былі падведзены яшчэ ў маі, аднак гродзенцы першымі пасля цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў змогуць убачыць выставу лепшых фотаздымкаў.

Спробы зладзіць выставы ў Мінску і Маладзечне скончыліся нічым.

Выстава Прэс-фота Беларусі 2011 будзе працаваць у “Крызе” з 18 жніўня да 4 верасня.

Адкрыццё 18 жніўня ў 18.30.