Акцыя ў абарону бяздомных жывёл пройдзе ў Гродне
Алеся Высоцкая, намесніца старшыні арганізацыі, распавяла “Твайму стылю”:
– Нашая акцыя прымеркаваная да міжнароднага дня абароны бяздомных жывёл, які адзначаецца 16 жніўня.
На пляцоўцы мы размесцім стэнд з інфармацыяй пра жывёл, якія шукаюць гаспадароў.
На дадзены момант гэта 4 дарослыя коткі, больш за 10 кацянят, 3 сабакі, але лічбы могуць змяняцца, бо кожны дзень тэлефануюць людзі.
Будзе так званая “палатка дапамогі”, куды людзі змогуць прынесці ежу ці нейкія патрэбныя рэчы для катоў і сабак, якімі мы апякуемся.
Заўсёды найбольш патрэбная ежа: сухая і кансервы, калі чалавек добра разбіраецца ў леках, тады медыкаменты. Патрэбныя каструлькі, місачкі, старыя курткі ці матэрыял для посцілак, напаўняльнікі для кашачых прыбіральняў.
Калі надвор’е не перашкодзіць, дзеці змогуць паўдзельнічаць у конкурсе малюнку.
Мы будзем раздаваць нашы буклеты, візіткі з кантактамі і канешне збіраць подпісы для стварэння ў Гродне прытулку для жывёлаў.
Такі прытулак сапраўды патрэбны.
На сёння жывёл, якія патрабуюць дапамогі, валанцёры “Адданага сэрца” трымаюць у сябе дома. Валанцёраў крыху больш за дзесяць, таму і магчымасці іх вельмі абмежаваныя.
Тым не меньш за амаль 5 месяцаў існавання грамадскага аб’яднання, з яго дапамогай знайшлі новых гаспадароў больш за 50 котак і сабак.
Алеся Высоцкая:
–У нас вельмі абмежаваныя сілы. Людзі нам званяць і думаюць, што ёсць нейкі прытулак, таму часам бываюць прэтэнзіі, калі мы некаму не можам дапамагчы.
Калі сітуацыя неадкладная, жывёла параненая, мы безумоўна стараемся дапамагчы, але калі звоніць гаспадыня коткі, што нарадзіла кацянят, якіх няма куды падзець, – мы не можам іх забраць, даем нейкія парады.
Гэта ўжо трэцяя акцыя, якую Грамадскае аб’яднанне “Адданае сэрца” ладзіць у Гродне.
Першая адбылася на 1 мая, другая – на Дзень горада.
Пасля кожнай з іх абаронцы жывёлаў атрымлівалі ад гродзенцаў нейкую дапамогу, але сур’ёзных спонсараў пакуль не знайшлі.