Сёння з Гродна на Польшчу пайшоў толькі адзін цягнік. Страйк працягнецца праз тыдзень

|

Выконваючая абавязкі начальніка гродзенскага вакзала:

Папера прыйшла  ўчора позна вечарам.

Натуральна, папярэдзіць мы не паспелі. Ужо сёння з раніцы вывесілі абвесткі і папярэджвалі людзей па радыё.

На Кузніцу пайшоў толькі цягнік у 5.18 раніцы, які начаваў у Гродне.

 

Пасажыры прыходзілі і на наступныя цягнікі, але на іх адсутнасць, па словах начальніка вакзала, рэагавалі з паразуменнем, прэтэнзій не выказвалі.

Папярэдне набыў квіток на сённяшні цягнік Гродна-Кузніца толькі адзін пасажыр. Яму вярнулі грошы.

 

Страйк польскіх чыгуначнікаў сканчаецца сёння апоўначы, але з-за таго, што першы ранішні цягнік прыбывае ў Гродна напярэдадні ўвечары, супрацоўнікі гродзенскага вакзала не ўпэўненыя, што заўтрашні рэйс на Кузніцу ў 5.18 адбудзецца.

Не прадаюць  квіткоў і на электрычку на 11.20.

У касе адказваюць: “Вось прыйдзе цягнік, тады і набудзеце”.

 

Сённяшні страйк чыгуначнікі PKP Przewozy Regionalne абвясцілі з патрабаваннем павышэння заробку (на 120 злотых з жніўня і яшчэ на 160 – з ліпеня 2012 года).

Учора ўвечары, напярэдадні страйку праўленне чыгуначнай кампаніі  згадзілася задаволіць патрабаванні працаўнікоў, але, улічваючы цяжкую фінансавую сітуацыю, прапанавала  дадаць 120 злотых да заробку ў гэтым месяцы, 100 – у верасні наступнага году і 60 – з студзеня 2013 года.

Страйкоўцаў такая прапанова не задаволіла.

Чарговы чыгуначны страйк, які можа стаць безтэрміновым, абвешчаны на 24 жніўня.