Першы марафон сяброўства “Гродна-Друскінінкай”
Як паведаміў дзяржаўны трэнер па лёгкай атлетыцы па Гродзенскай вобласці Андрэй Тадэвушавіч Бойша, да ўдзелу ў марафоне заявіліся каля 70 чалавек з Беларусі, Літвы і Расіі.
З-за спецыфікі міжнародных спаборніцтваў, удзельнікам якіх неабходныя візы, спіс складаўся задоўга да пачатку марафона.
Беларускія і расійскія ўдзельнікі атрымалі трохдзённыя літоўскія візы, літоўцы –беларускія.
Найстарэйшаму марафонцу – 68 гадоў, самы малады – 1992 года нараджэння (маладзейшыя да ўдзелу ў такіх спаборніцтвах проста не дапускаюцца).
Прызавы фонд марафона сяброўства складае 6000 долараў. Грашовыя прызы атрымаюць першыя 6 фіналістаў у мужчын і жанчын, а таксама лепшыя ў кожнай з 12 узроставых груп.
Марафон стартуе апоўдні ад Стэлы Алімпійскай славы, пройдзе па гродзенскіх вуліцах, праз памежны пераход Прывалкі і фінішуе на цэнтральнай вуліцы Друскінінкая Вільнюс-алее.
Ідэя правядзення міжнароднага марафона сяброўства належыць літоўскаму грамадскаму аб’яднанню Sportbalt, Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту Беларусі, Гродзенскаму аблвыканкаму і федэрацыі лёгкай атлетыкі Гродзенскай вобласці.