Традыцыйны фестываль кветак распачнецца заўтра ў Жалудку

|

Фестываль адкрыецца ў суботу ў 14 гадзін.

Першы пункт у праграме – круглы стол “Умацаванне партнёрства мясцовых супольнасцей, органаў улады і бізнеса ў галіне ўстойлівага развіцця пасёлка “Жалудок” у межах праекта інфармацыйна-асветніцкай установы “Новая Еўразія”.

 

Асноўная праграма свята распачнецца з 12 гадзін у нядзелю.

 

Старшыня Жалудокскага пасялковага Савету Генадзь Іванавіч Цывінскі распавёў:

–          Мы праводзім фестываль кветак ужо чацьвёрты год. Ён адзіны ва ўсёй Рэспубліцы, таму і госці да нас  едуць адусюль. У гэтым годзе праграма свята больш насычаная, разнастайная, бо мы ўжо маем больш вопыту, хаця пачыналі з пасялковага ўзроўню.

Усё будзе адбывацца на адкрытай пляцоўцы каля амфітэатру.

Запрашаем усіх!

Спецыяльная праграма падрыхтавана для дзяцей: атракцыёны, конкурсы (у тым ліку конкурс малюнкаў), спартыўныя спаборніцтвы.


Акрамя падвядзення вынікаў традыцыйных конкурсаў кветак, для гасцей свята ў нядзелю будуць арганізаваны экскурсіі па Жалудку, прэзентацыя фотавыставы “Нашы птушкі”, выставы-продажы вырабаў народных майстроў.

Спецыялісты Цэнтральнага Батанічнага саду адкажуць на пытанні па вырошчванню дэкаратыўных раслін і пракансультуюць усіх ахвотных.

Мясцовыя аграсядзібы прарэкламуюць свае паслугі.

Падчас фэсту можна будзе набыць насенне, кулінарныя вырабы, прадукцыю пчалярства.

Свята кветак скончыцца ў нядзелю каля 18 гадзін.

 

Фота з мінулага Фэсту ў Жалудку  з сайта http://www.ruralbelarus.by