«Прэс-фота Беларусі» ў Гродне: пераможца прывез здымак на сабе

| Без катэгорыі

Аргкамітэт конкурса прысутнічаў на адкрыцці ў асобе вядомага беларускага фатографа, гарадзенкі Юліі Дарашкевіч. Яна ж прывітала прысутных і распавяла пра сам конкурс і выставу.


Юлія Дарашкевіч пра конкурс “Прэс-фота Беларусі 2011” by t-styl

Сярод фіналістаў і пераможцаў конкурса, як і ў мінулым годзе, былі гарадзенцы. Наталля Дораш, хаця яна ўжо чатыры гады на пенсіі, даслала свае здымкі і ў выніку цыкл «Паства» заняў другое месца ў катэгорыі «народныя традыцыі».


Наталля Дораш пра цыкл “Паства” by t-styl

 

Таксама спадарыня Наталля падзялілася сакрэтам, як хутка зрабіць польскую візу, калі ты пераможца фотаконкурса.


Наталля Дораш пра выпадак у польскім консульстве by t-styl

 

Наталля Дораш, Юлія Дарашкевіч, Сяргей Гудзілін


У невялікай зале галерэі наўрадці маглі б змясціцца ўсе фотаздымкі, таму частка з іх была вывешана ў дворыку ля ўвахода, а частка –паказаная ў слайд-шоў пад гукі лёгкай джазавай музыкі. Але некаторыя здымкі так і не ўвайшлі ў экспазіцыю.

 

Гэтак, плакат выставы, які можна пабачыць побач з галерэяй, адрозніваецца ад змешчанага на сайце конкурса. Замест здымка, які ўзяў сёлетняе гран-пры, на ім бяскрыўдныя птушаняты махнаногага сыча. Пераможнага здымка няма і на сценах галерэі: пабачыць яго можна было толькі на кашульцы аўтара Сяргея Гудзіліна, які таксама прыехаў на адкрыццё выставы. Уся справа ў змесце – здымак паказвае частку ідэалагічнага выхавання ў беларускім войску. Таму ўладальнікі галерэі вырашылі яго не паказваць.

Гран-пры конкурса

 

Пераможца ў сваёй кароткай прамове заўважыў, што фатаграфія цікавіць па вялікім рахунку толькі аўтараў і арганізатараў, а хочацца, каб яна была запатрабаваная шырэй. І сапраўды, уся імпрэза крыху нагадвала карпаратыўнае мерапрыемства – сярод гасцей галерэі абсалютную большасць складалі самі фатографы і журналісты. Можна было сустрэць, між іншым, леташніх гарадзенцаў-фіналістаў: Аляксандра Саенку і Лаеніда Шчаглова (двойчы трапляў у шорт-ліст). Недзе побач абмяркоўвалася паездка на БАЖынкі. Хтосці біў келіхі з шампанскім.

Гэта ўжо другая выстава па выніках незалежнага конкурса беларускай прэс-фатаграфіі. Першы конкурс і выстава адбыліся ў мінулым годзе. У Гродне працы пераможцаў можна было паглядзець падчас фестываля маладзёвай журналістыкі “Твой Стыль”, а таксама ў Музеі гісторыі рэлігіі.

 

Здымкі Паўліны Гічан