Кватарантка абакрала гаспадыню на 5000$
Лідская пенсіянерка гадамі захоўвала свае зберажэнні на валютным рахунку ў банку.
Калі сітуацыя на беларускім валютным рынку ўскладнілася, жанчына вырашыла грошы забраць і схаваць у шафе. А ў хуткім часе ўзяла на кватэру 20-гадовую дзяўчыну.
Кватарантка, адвучыўшыся ў ПТВ, працавала ў рэстаране афіцыянткай. З чэрвеня жыла на здымнай кватэры разам з гаспадыняй, якая часта заставалася на лецішчы.
Аднойчы дзяўчына знайшла ў гаспадарскай шафе стос долараў, і, па яе ж словах, згубіла над сабой кантроль.
Некалькі тыдняў кватарантка весела жыла на грошы пенсіянеркі. За адзін вечар дзяўчына магла прагуляць больш за мільён рублёў. Грошы ішлі на дарагія падарункі, боўлінг.
Толькі калі кватарантка нечакана з’ехала, гаспадыня кватэры вырашыла пералічыць грошы ў схованцы.
Не далічыўшыся больш за 5000 долараў, жанчына пайшла ў міліцыю.
Частку грошай атрымалася вярнуць, астатняе паабяцалі аддаць бацькі аматаркі салодкага жыцця, якая затрымана і знаходзіцца ў ізалятары.
Бацькам, каб сплаціць “даўгі” дачкі, давядзецца прадаць машыну, а сама яна можа быць пазбаўлена волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў.
Паводле http://uvd.grodno.by