Пачаўся прыём заявак на “Бардаўскую восень—2011”

|

Але для маладых бардаў Беларусі «Бардаўская восень» пачынаецца ўжо сёння: да 10 верасня Звяз беларускай моладзі ў Польшчы прымае заяўкі на ўдзел у конкурсе.

 

Усе канкурсанты збяруцца ў Мінску ў сярэдзіне верасня, дзе журы адбярэ ўдзельнікаў, якія паедуць у Польшчу ды пазмагаюцца за прызавыя месцы.

Як і летась аднаго з удзельнікаў конкурснай праграмы шляхам інтэрнэт-галасавання абяруць наведнікі парталу «Тузін Гітоў».

Фестываль «Бардаўская восень» найбольш за ўсе астатнія праявы беларускамоўнай музыкі трымаецца традыцыі.

Ужо каторы год адзіны ў сваім родзе фэст беларускамоўнай аўтарскай песні захоўвае своеасаблівы музычны стыль, атмасфэру, фармат ды месца правядзення, але адначасова крочыць у нагу з часам, не прамінаючы эксперыменты ды актуальныя музычныя кірункі ў беларускамоўнай песні.

 

Не выключэннем стане і восень 2011.

Напрыканцы кастрычніка лепшыя маладыя барды ды акустычныя гурты сыйдуцца ў конкурснай праграме фэсту, а самыя адметныя выканаўцы акустычнай беларускамоўнай аўтарскай музыкі прэзэнтуюць свае канцэртныя праграмы са сцэны Бельскага дому культуры ды навакольных канцэртных пляцовак Беласточчыны.

 

Між імёнаў «Бардаўскай восені», якая сёлета пройдзе ўжо ў 18-ы раз, варта ўзгадаць пачынальнікаў фэсту.

Гэта Алесь Камоцкі і Кася Камоцкая, Віктар Шалкевіч і Сяржук Сокалаў-Воюш, а таксама традыцыйныя яго ўдзельнікі, як Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі ды іншыя.

Каб узяць удзел у конкурсным адборы варта даслаць запоўненую анкету ўдзельніка ды свае дэма-запісы на скрыню арганізатараў adbor@vosien.org да 10 верасня.

Удзел у фестывалі могуць узяць аўтары-выканаўцы ды акустычныя гурты, якія спяваюць па-беларуску.

Спампаваць заяву да ўдзелу ў «Бардаўскай восені — 2011»

 

Паводле http://vosien.org