Валютчыкі застаюцца адзінай крыніцай продажу валюты шэраговым беларусам

|

Як паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка, банкам рэкамендавана разгледзець пытанне аб ажыццяўленні іх асобнымі абменнымі пунктамі і касамі, размешчанымі на тэрыторыі буйных гандлёвых цэнтраў і рынкаў, аперацый толькі па куплі наяўнай замежнай валюты.

Гэтая валюта павінна будзе накіроўвацца на продаж насельніцтву для аплаты сацыяльна значных патрэб (лячэнне за мяжой, пражыванне і навучанне студэнтаў за мяжой, выезд за межы краіны ў сувязі з хваробай або смерцю сваякоў і інш.).

Для атрымання дазволу на правядзенне такіх аперацый банкам трэба звярнуцца ў галоўнае ўпраўленне валютнага рэгулявання і валютнага кантролю Нацбанка.

Пры гэтым неабходна ўказаць нумар і адрас абменнага пункта, касы, размешчаных на тэрыторыі буйных гандлёвых цэнтраў і рынкаў.

Цяпер патрэбы грамадзян у замежнай валюце для сацыяльных мэтаў задавальняе ААТ «ААБ «Беларусбанк».

Нагадаем, банк ужо збірае замежную валюту за кошт правядзення аперацый толькі па яе куплі праз абменныя пункты на памежных пераходах, тэрыторыях устаноў адпачынку і затым рэалізуе насельніцтву.

Курс долара на чорным рынку, які яшчэ раніцай не перавышаў 8200 рублёў за долар, за пару гадзін пасля новай рэкамендацыі Нацбанку, узняўся да 8500 – 8900 рублёў.

Для куплі валюты на сацыяльныя мэты ў маі-ліпені 2011 года ў «Беларусбанк» звярнулася больш чым 5 тысяч чалавек.

Усяго было прададзена долараў, еўра, расійскіх рублёў і іншай валюты на суму каля 4,5 млн. долараў у эквіваленце.