Літаратуру і майкі з надпісам “Свабоду Алесю Бяляцкаму!” накіравалі на экспертызу
Віктар Сазонаў:
–Учора гродзенскія праваабаронцы зладзілі акцыю ў падтрымку нашага сябры Алеся Бяляцкага.
Я раздаваў мінакам Бюлетэнь і тэксты хадайніцтваў аб вызваленні Бяляцкага пад падпіску аб нявыездзе да суда.
Прыкладна праз гадзіну з’явіліся 2 супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Я казаў, што па Канстытуцыі маю права раздаваць друкаваныя матэрыялы, але для праверкі законнасці маіх дзеянняў даставілі мяне ў пастарунак.
Супрацоўнікі міліцыі выказалі жаданне зрабіць агляд у офісе і дома ў Віктара Сазонава, не атрымаўшы ягонай згоды, за дазволам звярнуліся да пракурора Ленгінскага раёна Э.Э.Бурака.
Віктар Сазонаў:
–Пракурор выдаў дазвол на агляд у межах справы аб адміністратыўным правапарушэнні, але ж справы ніякай на мяне не заводзілі і дагэтуль не завялі.
З хаты забралі нейкую друкаваную прадукцыю, з офісу – два сістэмныя блокі, газету “Ніва”, рэкламную прадукцыю Радыё Рацыя, 8 маек з надпісам “Свабоду Алесю Бяляцкаму”, і па адным асобніку ўсёй праваабарончай літаратуры.
Усе рэчы накіраваныя на экспертызу па выніках якой цягам месяца ці то будзе складзены пратакол і справа пойдзе ў суд, ці Віктар Сазонаў атрымае рэчы назад.
Віктар Сазонаў:
– Мы планавалі падтрымаць Алеся Бяляцкага – гэта нам удалося, бо літаратуру і хадайніцтвы мы ўсё ж раздалі. А з-за майго затрымання ў чарговы раз гэтую тэму ўзнялі ў медыях.
Нашыя праваахоўнікі нічога новага не паказалі.
Яны выконваюць загады, якія ім нехта аддае.
Мы спадзяваліся, што раздадзім усю літаратуру, пакуль нас заўважаць, але і да такога павороту справы былі гатовыя.