На Гродзеншчыне ўшануюць памяць Мікалая Набокава
Ініцыянаваныя Нацыянальнай камісіяй па справах ЮНЭСКА і Нацыянальным мастацкім музеем фестывальныя мерапрыемствы пройдуць у Мірскім замку і пасёлку Любча, дзе ў 1903 годзе нарадзіўся знакаміты кампазітар.
У праграме – канцэрты з твораў Мікалая Набокава (на фота) ў выкананні беларускіх музыкаў, дэманстрацыя прысвечаных жыццю і творчасці кампазітара відэафільмаў.
Фэст 27 жніўня адкрые канцэрт у двары замка.
Творы Мікалая Набокава выканае інструментальны ансамбль салістаў “Вытокі”.
Трапіць на яго можна будзе па ўваходных білетах у музей.
Канцэрт фартэпіянных твораў у выкананні Юрыя Блінова адбудзецца ў Партрэтнай зале (уваход па запрашальных білетах).
28 жніўня свята працягнецца ў Любчы. Гэтым разам уваход на канцэрт “Вытокаў” і мясцовых фальклёрных калектываў будзе вольны.
Гасцямі фэсту будуць нашчадкі былых уладальнікаў Мірскага замку і сваякоў Мікалая Набокава Марыя і Ірэна Станіслава Святаполк-Мірскія.
Мікалай Набокаў (1903-1978) нарадзіўся ў Любчы, пазней жыў у Пецярбургу, пасля рэвалюцыі 1917 года разам з сям’ёй трапіў у Асканію Нова, пасля жыў у Германіі, Францыі, дзе атрымаў музычную адукацыю, у 1933 годзе перабраўся ў Амерыку.
Мікалай Набокаў– сусветна вядомы кампазітар, аўтар першага амерыканскага балета, араторый, сімфанічных і фартэпіянных твораў, опер. Выкладаў музыку ў амерыканскіх універсітэтах, быў генеральным сакратаром музычнай секцыі ЮНЭСКАў Парыжы, арганізатар шматлікіх музычных фестываляў, аўтар шматлікіх музычна-крытычных артыкулаў у амерыканскіх і еўрапейскіх часопісах.
Памёр у Нью-Йорку.