Алесь Кіркевіч вярнуўся ў Гродна

|

Як толькі Алесь выйшаў з маршруткі, яго адразу ж акружылі журналісты, пачалі віншаваць і распытваць пра абставіны вызвалення.

 

– Я не адмаўляю таго, што пісаў прашэнне аб памілаванні. Гэта было маё рашэнне, я лічу, што тое, што я магу зрабіць на волі варта маёй папсаванай біяграфіі, мажліва плямы ў ёй. Я разумею, што я знаходжуся ў стане чалавека, якому адабралі шпагу, шчыт з фамільным гербам. Каб яго вярнуць патрэбныя не словы, а ўчынкі. І час усё расставіць на свае месцы: ці тое было слушнае рашэнне, ці памылковае.

Я яго прыняў, вырашыў, што яно будзе слушным і актуальным на гэты момант. Бачачы тое, што адбываецца: фактычна паглынанне нашай краіны Расіяй, калапс у апазіцыйных структурах – гэта трэба прызнаць, бо мы не бачым на волі людзей, якія маглі б нешта рабіць. Патрэбныя людзі: вольныя рукі, ногі і галава на волі. [усміхаецца]

Алесь быў бадзёры і ўвесь час усміхаўся, абдымаўся з сябрамі і распытваў пра жыццё. Не наракаў ні на што.

 

– Адчуваю сябе нармальна. Шкада, што не застаў апошняга дня лета на волі, Дзень ведаў таксама фактычна на зоне правеў. Тым не менш, у мяне зараз працягваецца мядовы месяц. Рады бачыць сяброў, блізкіх людзей па духу і па справе, якую мы рабілі.

Гэта радасць творчая, бо зона гэта вялікі застой для чалавека, які нешта робіць. Біць паддоны з заробкам 5000 рублёў у месяц – не вельмі добрая перспектыва.

Сканчаючы тэматыку зняволення, Алесь распавёў пра тое, як з ім развітваліся сукамернікі:

 

– Сукамернікі ўспрынялі радасна. Вызваленне любога чалавека для яго дабразычліўцаў гэта радасць. Для часткі зэкаў гэта таксама спадзеў на так званую “дзярбань” тых рэчаў, якія чалавек не бярэ з сабой, а пакідае іншым. Бо зона гэта тое месца, дзе цэніцца кожная дробязь.

Для ўсіх гэта была нечаканасць, людзі мяне віншавалі, агулам рэагавалі пазітыўна. Далі развітальнага пінка, каб больш не вяртаўся. [смяецца]

 

З журналістамі Алесь падзяліўся планамі на найбліжэйшы час:

 

– Іду да маці на бульбу, рэшту часу правяду з жонкай.

 

Пасля гэтай заявы пытанняў больш не было.