Шалкевіч, Мельнікаў і Вайцюшкевіч пераспяваюць Качмарскага
Больш пра праект для “Твайго стыля” распавёў Віктар Шалкевіч.
– Ідэю такога праекта выказаў некалі тагачасны амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрых Літвін, чалавек, як я разумею, блізкі да даўніх польскіх студэнцкіх рухаў, Салідарнасці. Праўда, праект неяк заглох пасля таго, як спадара Літвіна адклікалі, але як толькі ён пра яго ўзгадаў, сродкі знайшліся.
Вабар Яцэка Качмарскага зразумелы: ён зрабіў у Польшчы нават больш за Высоцкага ў СССР. Ужо выбрана каля 18-20 актуальных і сёння тэкстаў. Яны будуць у перакладзе ўсюдыіснага Хадановіча.
Альбом мае з’явіцца ў канцы бягучага года, а яго жывыя прэзентацыі ў Польшчы і Беларусі – у пачатку наступнага. Назву для кружэлкі пакуль што яшчэ не прыдумалі. Кожны з запрошаных да ўдзелу музыкаў заспявае аднолькавую колькасць песен.
Аказалася, што ў Віктара няма нейкіх любімых песен Качмарскага, за права выконваць якія ён бы змагаўся.
– Выбар песен у працэсе: наколькі ведаю, Мельнікаў ужо выбраў свае. Я ж задаволюся, нават калі прыйдзецца спяваць тое, што застанецца. Качмарскі ніколі не належаў да маіх улюбёных польскіх бардаў, мне больш падабаліся Марэк Грэхута і Тадэуш Возьняк.
Запіс будзе адбывацца ў адной з беларускіх студыяў – музыкі яшчэ не вызначыліся канчаткова. Выдавацца дыск будзе ў Польшчы, у адной з польскіх культурных інстытуцый.
Здымак Paweł Plenzner, wikimedia.org