Як робяцца палітуцекачамі
Усё, што цікавіла людзей у форме і ў цывільным — інфармацыя пра яе брата, былога байца спецпадраздзялення “Алмаз” Ігара Макара, які больш за пяць гадоў жыве за мяжой.
Гэтыя падзеі мелі месца ў Гродне. Вольга расказвае, што першую позву ў міліцыю яна атрымала 1 жніўня.
— Там было напісана, што я павінна прайсці дактыласкапію. Я не пайшла, бо лічу, што гэта справа добраахвотная. Потым, 8 жніўня, прыйшла другая позва. А літаральна праз дзень некалькі чалавек уварваліся ў кватэру, схапілі мяне і пацягнулі ў машыну. Мяне прывезлі ў міліцыю Кастрычніцкага раёна, завялі ў кабінет. Туды ўвесь час заходзілі розныя людзі — хто ў форме, хто ў цывільным.
Адны задавалі нейкія пытанні, іншыя па чарзе дапаўнялі. Запытвалі, ці прыязджаў да мяне на дзень народзінаў мой брат, як часта я яму тэлефаную. Размаўлялі вельмі груба. Усе пытанні тычыліся майго брата Ігара. Я зразумела, што дактыласкапія — гэта была папросту фармальная нагода. Запытвалі, як патэлефанаваць Ігару. Забралі ў мяне мабільны, спісалі ўсё, што там было. Чыталі ўсе мае СМСкі. Запатрабавалі, каб я супрацоўнічала з імі, пагражалі.
Больш за пяць гадоў таму брат Вольгі Ігар Макар папрасіў палітычнага прытулку ў Германіі. У пазамінулую прэзідэнцкую кампанію Ігар працаваў у штабе экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Аляксандра Казуліна і адказваў за яго бяспеку. Гаворыць, што тагачасны камандзір “Алмаза” Мікалай Карпянкоў забараніў сваім падначаленым кантактаваць з Макарам. Хаця сам з Макарам сустракаўся, прапаноўваў “здаваць” любую інфармацыю пра Казуліна. Былы “алмазавец” расказвае, што аналагічную прапанову ён атрымаў і ад тагачаснага міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава, які абяцаў узамен “грошы, пашпарт і добрую працу ў Маскве”.
У выніку Аляксандр Казулін проста адправіў хлопца за мяжу. “Толькі гэта ўратавала мяне ад гібелі”, — гаворыць Макар.
Чаму ж праз пяць гадоў асоба былога алмазаўца зацікавіла адпаведныя органы? Сам Ігар кажа: “Нават не ведаю, што гэта ім стукнула ў галовы. Маіх некалькіх сяброў на пачатку жніўня выклікалі ў КДБ і там запытвалі, ці падтрымліваюць яны са мной нейкія стасункі, ці кантактуюць нейкім чынам? Але калі ўзяліся за маю сястру, я зразумеў, што трэба нешта рабіць. Сястра і пляменнік самыя дарагія для мяне людзі. Я нават думаў прыехаць. Хаця разумею, што яны выманьваюць мяне на радзіму такім чынам, бо ведаюць, што за сястру і пляменніка я пайду на ўсё. Хаця не ведаю, навошта я ім раптам спатрэбіўся. У мяне такое адчуванне, што прычынай усяму гэтаму панічныя настроі. Адсюль і такія дзеянні. Вось, бачыце, як пачалі разгортвацца падзеі? Яны прызвычаіліся да “класічнай” апазіцыі — дзе ўсе знаёмыя, даўно ўнесеныя ў базу, даволі прадказальныя… А тут — то 19 снежня тысячы невядомых узялі ды выйшлі на вуліцы, то гэтыя “маўклівыя” акцыі з апладысментамі, з абсалютна новымі людзьмі… Яны ж думаюць, што нехта за гэтым стаіць, і не могуць зразумець, каго лавіць”.
Вольга Макар разам са сваім сынам цяпер знаходзіцца ў інтэрнаце ў Ліверпулі. Жанчына кажа, што ў Гродна вяртацца яна баіцца.
“Ведаеце, я баюся за свайго сына, — гаворыць яна. — Я проста не магу забыць тыя словы, што яны мне гаварылі…”
Мы ўсё ж такі вырашылі паспрабаваць расставіць кропкі над “і”, высветліць, што гэта была за такая таямнічая “дактыласкапія”, пасля якой чалавек баіцца вярнуцца ў краіну? Па чыім загадзе звычайную жанчыну-парыкмахера прыраўнялі да ваеннаабавязаных і прымусова даставілі ў міліцыю “катаць пальцы”? Надзей на тое, што нехта прызнаецца ў запалохваннях, зразумела, няма, але ёсць пытанні і па юрыдычным баку гэтых падзей.
Вольга Макар расказала, што не запомніла прозвішча таго міліцыянера, подпіс якога стаяў на позве. І гэта можна зразумець — страх, хваляванне… А ў міліцыі Кастрычніцкага раёна Гродна “Народнай Волі” патлумачылі, што за дактыласкапію адказваюць усе супрацоўнікі міліцыі і таму трэба ведаць прозвішча таго, хто асабіста запрашаў Вольгу, каб задаць яму пытанні ў гэтай справе.
Пошукі далі плён, і імя ўсё ж стала вядома. Ім аказаўся… старшы інспектар аператыўна-дзяжурнай службы Кастрычніцкага РАУС Гродна. Мякка кажучы, вельмі дзіўна, што гэты чалавек працуе ў дзяжурнай частцы і фармальна ўвогуле не мае такіх паўнамоцтваў. Кіраўнік “галоўнага героя” Андрэй Голікаў адмовіўся патлумачыць сітуацыю і папрасіў звярнуцца да яго начальніка Аляксандра Гулькевіча. Той таксама адмовіўся сказаць хоць слова і накіраваў нас у прэс-службу абласной міліцыі. Там папрасілі пачакаць тры гадзіны…
Праз тры гадзіны адказу так і не далі.
Адным словам, пытанне, хто ж асабіста аддаў загад прымусова прывезці жанчыну ў міліцыю, павісла ў паветры. “Народная Воля” гатова працягнуць гэтую тэму і чакае каментарыяў з боку супрацоўнікаў Кастрычніцкага РУУС Гродна.
Любоў ЛУНЁВА
Фота “Народная воля”