Цяжкая задача Сяргея Саладоўнікава

|

Вырашаць гэтую задачу гарадзенцам давядзецца пад кіраўніцтвам Сяргей Саладоўнікава.

 

Адзін з лепшых футбалістаў ў гісторыі гарадзенскага футболу, трэнер, пад кіраўніцтвам якога “Нёман” станавіўся срэбным прызёрам чэмпіянату краіны, вярнуўся ў Гродна не ў лепшыя часы.

 

Летам каманду напаткала сапраўдная чорная паласа з гульняў без перамогаў, з-за якой клуб апынуўся на 10 (з 12-ці) месцы ў турнірнай табліцы.

 

З-за праблем з валютай клуб пакінулі малдаванін Віярэл Фрунзэ і серб Неманья Цветкавіч.

 

Толькі-толькі вяртаецца ў каманду пасля цяжкай траўмы адзін з яе лідэраў – Дзмітрый Раўнейка.

 

Не далі пакуль плёну спробы палепшыць сітуацыю шляхам перастановак ў адміністрацыйным штабе каманды (замест маладога гарадзенца Дзяніса Курчэўскага месца прэзідэнта клуба заняў дасведчаны функцыянер Леанід Дмітраніца з Мінска).

 

Падводзіць каманду і грубая гульня. Віталь Надзіеўскі і Аляксей Сучкоў назбіралі ўжо цэлы букет з чырвоных і жоўтых картак, з-за якіх не раз вымушаныя былі прапускаць гульні.

>

Большага гарадзенскія заўзятары чакалі ад набытых перад пачаткам сезона Івана Дзямідовіча (на здымку вышэй у жоўтай кашульцы) і Алега Страхановіча.

 

Што цешыць гарадзенскіх аматараў футболу, дык гэта з’яўленне ў камандзе цэлай плеяды маладых талентаў.

 

17-ці гадовы Павал Савіцкі ўжо прызнаны адным з адкрыццях сёлетняга футбольнага сезона ў Беларусі.

 

Крыху старэйшы Аляксандр Ядэшка ўжо быў у сферы ўвагі багатых каманд з Расіі (“Зеніт”) і Украіны (“Дынама”, Кіяў).

 

За моладзевую зборную Беларусі гуляе паўабаронца Сяргей Лявіцкі. Добрае рэнамэ маюць Аляксей Лягчылін, Артур Бомбел, Аляксандр Анюкевіч.

 

У алімпійскую зборную выклікаецца Яўген Савасц’янаў.

 

Здавалася б, з такім наборам маладых зорак “Нёман” павінен быў бы быць значна вышэй у турнірнай табліцы, але моладзі часта не хапае пакуль стабільнасці і фізічных кандыцый.

 

Дзьве першыя гульні – з жодзінскім “Тарпеда” (2-2) і магілёўскім “Дняпром” (0-0) “Нёман” пад кіраўніцтвам Сяргея Саладоўнікава згуляў унічыю.

 

11 верасня каманду чакае гульня ў Брэсце супраць прамога канкурэнта за месца ў вышэйшай лізе – тамтэйшага “Дынама”.

 

Некалькі тыдняў таму гарадзенцы саступілі гэтай камандзе на сваім полі з лікам 2-3 (хоць выйгравалі па ходу сустрэчы 2-0).

 

Перцу гульні ў Брэсце дадае і даўняя гісторыя з 2002 г., калі менавіта берасцейская каманда ў апошнім туры чэмпіянату забрала ў “Нёмана” ачко і пазбавіла яго гэтым залатых медалёў чэмпіянату.

 

Раззлаваны Сяргей Саладоўнікаў назваў тады ў запале сваіх супернікаў “вясковай камандай”, чым забяспечыў на гады наперад яшчэ большую прынцыповасць “заходняга дэрбі”.

 

Як бы не скончыўся сёлетні сезон, зімой гарадзенскі футбол чакаюць сур’ёзныя выпрабаванні. Эканамічная сітуацыя наўрадці дазволіць захаваць у камандзе лепшых гульцоў, у тым ліку і маладых “зорачак”.

 

Гэта азначае, светлай будучыні гарадзенскім заўзятарам яшчэ давядзецца пачакаць.

 

Фота Яраслава Ванюкевіча