У Беластоку 4 верасня пройдзе марш пратэсту супраць нацыяналізму
На будынку сінагогі ў Орлі былі намаляваныя фашыстоўскія лозунгі (“Жыды ў газавую камеру”, “Польшча для палякаў” і інш.).
Затым хтосці ўламаўся і знішчыў маёмасць у Мусульманскім Цэнтры ў Беластоку.
У гміне Пуньск, дзе большасць жыхароў складаюць літоўцы, былі замаляваныя літоўскамоўныя назвы вёсак на двухмоўных шыльдах.
У Беластоку падпалілі дзьверы кватэры, дзе жыла польска-пакістанская сям’я.
На мінулым тыдні быў пашкоджаны помнік (на здымку зверху) у мястэчку Едвабнэ, які быў пастаўлены ў памяць пра замардаваных тут 70 год таму палякамі габрэяў. У вясковым гумне былі тады спаленыя каля 360 габрэяў.
Помнік быў усталяваны 10 год таму. Тагачасны прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі публічна папрасіў тады прабачэння ў габрэйскай супольнасці за здзейсненае ў 1941 г. злачынства.
>
На помніку з’явілася свастыка і надпіс “Не перапрашаем за Едвабнэ”, “Лёгка гарэлі”.
Марш пратэсту супраць такіх акцый, ініцыяваны шэрагам палітыкаў і грамадскіх рухаў, пройдзе сёння ў абед па цэнтральных вуліцах Беластока.
Падляскае ваяводства з’яўляецца адным з самых шматнацыянальных рэгіёнаў Польшчы. З даўніх часоў тут жывуць беларусы, украінцы, літоўцы, татары, габрэі.
Фота: Нашэ Място, Gazeta.pl. Bialystok