Гродзенская каманда заняла другое месца на чэмпіянаце па спартыўнай арніталогіі
3 верасня прайшоў VIII чэмпіянат па спартыўнай арніталогіі, які ладзіць найбуйнейшая ў Беларусі прыродаахоўная грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Мэта спаборніцтваў – улічыць найбольш відаў птушак. Улік вёўся як па знешнім выглядзе, так і па голасе.
У ваколіцах Гродна назіранні вялі тры каманды:
– “Качкі”
Мікалай Гулінскі – капітан
Яўген Сліж
Сяргей Шыдлоўскі
Сяргей Саковіч
– “Dreamteam”
Håkan Örtman (Швецыя) — капітан
Lennart Carlsson (Швецыя)
Андрэй Храмогін (Беларусь)
Дзмітрый Вінчэўскі (Беларусь)
– “Ластаўкі “
Таццяна Смыкоўская — капітан
Таццяна Кожан
Аляксандра Чацьвярык
Наталля Палякова
У лік прызёраў з іх увайшла беларуска-шведская “Dreamteam”, якая зафіксавала 114 відаў птушак і заняла 2 месца.
“Качкі ” (80 відаў) на 9 месцы, “Ластаўкі ” ( 58 відаў) – 12 месца.
Дзмітрый Вінчэўскі, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ, і ўдзельнік “Dreamteam”, лічыць гэтыя вынікі добрымі:
–Вынікі добрыя, хаця хацелася б яшчэ большага.
Напярэдадні спаборніцтваў мы наведалі тыя мясціны, дзе збіраліся весці назіранні і ўбачылі 15 відаў птушак, якіх не ўбачылі ўжо падчас спаборніцтваў, затое заўважылі 20 іншых, якіх напярэдадні не было.
Таму можна казаць, што зараз у Гродзенскай вобласці можна назіраць прыкладна 130 відаў птушак.
Усё хутка змяняецца, бо зараз міграцыя: некаторыя прылятаюць, некаторыя адлятаюць.
Поспех сваёй каманды Дзмітрый Вінчэўскі звязвае з вялікім досведам яе ўдзельнікаў.
Па-першае вельмі дасведчанымі назіральнікамі былі шведы, астатнія – таксама арнітолагі са стажам.
Таму шмат відаў пазнавалі па пазыўках (галасах).
Меньш дасведчаныя гульцы вымушаныя былі фіксаваць у большасці тых птушак, якіх убачаць, а гэта значна цяжэй (від залічваўся толькі тады, калі птушку пачулі ці ўбачылі ўсе ўдзельнікі каманды).
А калі ўлічыць, што ўдзельнікі менш паспяховых гродзенскіх каманд у асноўным студэнты, то ў іх усё наперадзе, галоўнае ўдзельнічаць і набірацца дасведу.
Усе тры гродзенскія каманды стартавалі (пачалі назіранні) у 6 гадзін раніцы 3 верасня на ачышчальных сажалках “Азота” (в.Беражаны).
Наступны маршрут каманды Дзмітрыя Вінчэўскага выглядаў такім чынам: тэрыторыя палаца ў Свяцку, рыбгас “Каробчыцы”, ачышчальныя сажалкі ў Скідзелі на Азёрску, ачышчальныя сажалкі Абухова, пойма рэчкі Стрыеўка каля вёскі Перасельцы, вёска Галаўнічы…
На гэтым скончыліся 12 гадзін, адведзеныя для назірання.
Дзмітрый Вінчэўскі:
–Адчуванні выдатныя! Надвор’е добрае! Заўважылі некалькі цікавых відаў:
Нам сустрэўся даволі рэдкі кругланосы плывунчык (сустракаецца толькі падчас міграцыі), а каля вёскі Галаўнічы (за Верцялішкамі) – сокал шулёнак. Гэта самы маленькі на Беларусі сокал, мы бачылі тры птушкі, напэўна і сёння іх можна паназіраць у тым месцы.
Агульная тэндэнцыя, якую мы заўважылі, вельмі мала становіцца кулікоў.
У VIII чэмпіянаце па спартыўнай арніталогіі ўдзельнічалі 12 каманд па 4 чалавекі ў кожнай.
Свае прызы каманды-пераможцы атрымаюць на з’ездзе грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Сёлета быў павялічаны час назіранняў: спаборніцтвы працягнуліся не 9 гадзін, як звычайна, а 12 – з 6.00 да 18.00.
У леташнім чэмпіянаце Беларусі па спартыўнай арніталогіі ўзялі ўдзел 11 каманд. Перамагла тады таксама фінска-беларуская каманда”Lintu”, якая стартавала з Мінску і налічыла 114 відаў птушак.
Адзіная гродзенская каманда “Кронан”заняла трэцяе месца, зафіксаваўшы 97 відаў птушак за 9 гадзін назірання.
Фота з сайта http://ptushki.org