Вяртанне картынгу
Вось ужо 35 гадоў падобных мерапрыемстваў не было ў Беларусі, традыцыя правядзення спаборніцтваў аднавілася толькі ў мінулым годзе. На першы погляд, картынг – не надта распаўсюджаны від спорту, тым не менш гэта – захапленне сотняў дзяцей і падлеткаў, якія гатовыя ўзмоцнена трэніравацца, аддаваць шмат свайго часу, цярпець удары і залечваць траўмы, каб займацца любімай справай.
Спаборніцтва павінна было пачацца ў 11.00, аднак і ўдзельнікі, і гледачы былі на месцы ўжо а палове дзесятай. Падлеткі, перапранутыя ў спецыялізаванае адзенне, правяралі спраўнасць машын, рыхтаваліся да пачатку трэніроўкі, абавязковай перад заездамі. Пэўна, самай вялікай нечаканасцю стала тое, што некаторым удзельнікам было не больш… шасці гадоў. Але і яны не выглядалі дылетантамі, а ў іх вачах бліскаў агеньчык дарослага азарту.
alt=”kart1″ >
Каб даведацца больш аб спаборніцтве, я стала шукаць людзей, якіх можна падрабязна аб гэтым распытаць. «Ахвяра» ўпарта не знаходзілася. Але ўсяму бывае мяжа, і лёс мне нарэшце ўсміхнуўся. Сяргей Рыбак, трэнер і бацька аднаго з удзельнікаў гарадзенскай каманды, пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.
– Скажыце, якія каманды прымаюць удзел у спаборніцтвах?
– З ўсёй Гродзенскай вобласці, ну і з самога Гродна, вядома. Зусім нядаўна ў нас у горадзе з’явілася спецыяльная пляцоўка, дзе праходзяць трэніроўкі. Дзякуючы гэтаму, мы змаглі нарэшце аднавіць спаборніцтвы.
– Ці існуюць узроставыя абмежаванні для ўдзельнікаў?
– Наогул, у спаборніцтвах можна ўдзельнічаць з 6-ці гадоў. Іншая справа, што часам у гэтым узросце дзеці толькі прыходзяць да нас на навучанне, і мы не маем магчымасці выставіць іх на прафесійных спаборніцтвах.
– А колькі прыкладна часу займае такая падрыхтоўка?
– Цяжка аб гэтым гаварыць – у кожнага дзіцяці свае здольнасці, хтосьці працуе ўзмоцнена, хтосьці расслабляецца. Але ў сярэднім, аднаго году хапае. Далей ідзе проста ўдасканаленне тэхнікі, павышэнне хуткасці.
– А хто спансіруе спаборніцтвы?
– Самі. Бацькі грошы збіраюць, тады і атрымліваем магчымасць правядзення спаборніцтваў. Мы неаднаразова звярталіся ў дзяржаўныя органы з просьбай вылучыць сродкі, але нам было адмоўлена. У прынцыпе, для нашых дзяцей важней за ўсё – паказаць сябе, убачыць свой рэальны ўзровень. За ўзнагародамі яны не гоняцца, галоўнае – проста факт выйгрышу, або ўдзелу. Тут ужо, як пашанцуе.
– І апошняе пытанне: калі пройдуць наступныя спаборніцтвы?
– Не раней, чым у наступным годзе. Я думаю, прыкладна у гэты ж час. Ветліва развітаўшыся з Сяргеем, я ўжо ішла дахаты, складаючы план будучага артыкула ў галаве. Раптам з’явілася думка: а можа мне, гэта… на картынг запісацца?
Дар’я Кухта
Фота аўтара
P.S. Карэспандэнт ТС Святаслаў Ляўчук дадаў да сказанага калегай:
Як растлумачыў галоўны суддзя спаборніцтваў Валерый Анатольевіч Шарпакаў, выбар горада Гродна для правядзення мерапрыемства – простая выпадковасць, у Гродна няма добрых трас для картынгу, у адрозненне ад Брэста і Мінска. На пытанне, чаму каманды са Шчучына і Навагрудку не былі дапушчаныя да спаборніцтваў, галоўны суддзя заявіў, што гэтыя каманды прыбылі цалкам непадрыхтаванымі – ні па тэхнічных параметрах, ні дакументальна.
Прызавыя месцы ў спаборніцтвах па картынгу
Клас «Пілот»
1 месца – Данііл Ганчарык (Мінск)
2 месца – Аляксандр Міргародскі (Гродна)
3 месца – Нікіта Нічыпарэнка (Гродна)
Клас «Папулярны»
1 месца – Аляксей Касцюкевіч (Гродна)
2 месца – Аляксандр Барэйша (Гродна)
3 месца – Міхаіл Башко (Слонім)
Класс «TAG-junior»
1 место – Дзмітры Рымашэўскі (Мінск)
2 месца – Аляксандр Гедрэвіч (Гродна)
3 месца – Яўген Батвінёнак (Мінск)
Класс «Нацыянал»
1 месца – Раман Рыбак (Гродна)
2 месца – Аляксандр Барэйша (Гродна)
3 месца – Віталь Радцэвіч (Слонім)