XIV Манхэтанскі фестываль кароткаметражнага кіно ў Гродне
Дырэктар кінатэатра Людміла Уладзіміраўна Ганчарук:
–Першы паказ адбудзецца 30 верасня ў 19 гадзін у межах кінаклуба “Ракурс”.
1 і 2 кастрычніка сеансы пачнуцца ў 17 гадзін.
Фільмы кароткаметражныя, таму на кожным паказе гледачы ўбачаць усе конкурсныя стужкі па чарзе.
Працяг праграмы – 120 хвілін.
Кошт білетаў мы пакуль абмяркоўваем з арганізатарамі.
Іх умова – 10000 рублёў за білет, хаця звычайна кошты ў нас у залежнасці ад месца вагаюцца ад 7 да 12 тысяч, пакуль мы не вырашылі гэта.
Кожны наш глядач атрымае анкету, дзе азначыць лепшыя на свой погляд стужкі.
Гэтыя анкеты мы вельмі хутка апрацуем і па электроннай пошце накіруем арганізатарам.
Папярэдні продаж білетаў распачнецца пасля 20 верасня.
Мэта фэсту – на тыдзень аб’яднаць людзей з усіх куткоў свету з дапамогай самых захапляльных кароткаметражных стужак апошніх 2 гадоў.
Сёлета гледачам шасці кантынентаў свае работы прадстаўляюць 10 прафесійных рэжысёраў з розных краін.
10 фільмаў былі адабраны з ліку 598 заявак. Гэта камедыі, драмы і нават трэш-мюзікл
Ацэньваць іх будзе 150000 кінагледачоў з 48 краін.
У Беларусі конкурсныя паказы сёлета пройдуць у Мінску, Віцебску, Гродне.
Арганізатары прагляду – The Manhattan Short Film Festival і міжнароднае фестывальнае агенцтва Tour de Film.
Пераможцаў Манхэтанскага фестывалю гледачы абіраюць, галасуючы адразу пасля прагляду.
Стваральнікі фэсту вераць, што зорак стварае публіка.
За 10 гадоў 6 фільмаў Манхэтанскага фэсту былі намінаваныя на Оскар.
У гэтым годзе галоўны прыз фестываля – 10000 долараў і авацыі некалькіх тысяч кінаманаў па ўсім свеце.
Далучайцеся да сусветнага глядацкага журы ў Гродне!