Разбіўся самалёт з хакеістамі, сярод якіх былі беларусы
Самалёт разбіўся сёння ў 15.02 па беларускім часе адразу пасля ўзлёту з аэрапорта Туношна ля Яраслаўля.
Ужо названая верагодная прычына катастрофы – сутыкненне з антэнай маяка аэрапорта.
Як паведамляюць расійскія СМІ, на борце чартэрнага ЯКа былі 37 хакеістаў і 8 членаў экіпажу.
Пакуль розныя крыніцы паведамляюць пра двух уцалелых. Гэта адзін з лётчыкаў і гулец зборнай Расіі Галімаў.
Адзін з лепшых гульцоў у гісторыі беларускага хакея Руслан Салей толькі гэтым летам вярнуўся з ЗША, дзе шмат гадоў гуляў за розныя каманды Нацыянальнай хакейнай лігі.
Ёсць у біяграфіі Салея і гарадзенская старонка – на мяжы 80-90-х гг. ён гуляў на наш “Нёман”.
>
У ЗША у Руслана (на здымку. Фота gazetaby.com) засталіся жонка Бэттэн, а таксама трое дзяцей.
Наймалодшая з іх нарадзілася ў сакавіку…
Малады нападнік Сяргей Астапчук (на здымку) родам з Наваполацку.
У Расію хакеіст з’ехаў яшчэ падлеткам.
Спадзяваўся загуляць за расійскую зборную, абраў расійскае грамадзянства.
Задума не атрымалася і апошнім часам актыўна вяліся перамовы пра выступленне Астапчука за зборную Беларусі.
Гэта другая ў гісторыі авіякатастрофа з удзелам спарцменаў, якія накіроўваліся на гульню ў Мінск.
У 1979 г. у небе над Украінай разбіўся самалёт з футбалістамі ташкенцкага “Пахтакора”. На яго борце знаходзіліся 84 чалавеку (у тым ліку 17 футбалістаў).
Рэдакцыя “Твайго стылю” прыносіць шчырыя спачуванні родным і блізкім загінулых.