Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі заўтра можна будзе наведаць бясплатна

|

Супрацоўніца музея Святлана Ходар:

У мінулым годзе гэтыя дні мы адзначылі выставай у Каложскай царкве.

У гэтым годзе праз бясплатны ўваход у музей мы хочам далучыць людзей да еўрапейскай культурнай спадчыны, часткай якой з’яўляюцца і нашы экспанаты.

Увазе наведнікаў Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі прапануе 2 экспазіцыі:

“Эпоха.Час.Будынак” – 5 залаў і “Рэлігія і культура ў Беларусі з дахрысціянскіх часоў да 15 стагоддзя – 6 залаў. У наступным годзе плануецца адкрыць яшчэ 4 залы, якія дазволяць прасачыць развіццё рэлігіі ў Беларусі да 18 стагоддзя.

 

Да адзначэння Дзён еўрапейскай спадчыны 9 верасня аддзел культуры Гродзенскага гарвыканкама і гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма ладзяць круглы стол “Спадчына і рэлігія”: праблемы захавання, вывучэння і папулярызацыі культурнай спадчыны розных канфесій”.

У цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы на вул.Цітова збяруцца прадстаўнікі аблвыканкама, ГрДзУ імя Янкі Купалы, праваслаўнай і каталіцкай канфесій, турыстычнай сферы, музейныя супрацоўнікі.

Пра стан і праблемы ўліку, аховы, выкарыстання, рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў архітэктуры культавага прызначэння Гродна як аб’ектаў еўрапейскай культурнай спадчыны распавядзе галоўны спецыяліст аддзела культуры Вольга Мацко.

 

Прадстаўнікі духавенства  – а.Андрэй Яварэц і кс.Антоній Грэмза – выступяць з паведамленнямі пра культурна-гістарычнае асэнсаванне і захаванне спадчыны Праваслаўнай і Рымска-каталіцкай Цэркваў у Гродне.

Дырэктарка турфірмы “Мерцана” распавядзе пра культавыя забудовы Гродна з пункту гледжання турызму, галоўны захавальнік фондаў музея гісторыі рэлігіі спыніцца на каштоўнасцях і рарытэтах музейных збораў.

Напрыканцы адбудзецца прэзентацыя выдання Гродзенскай гарадской бібліятэкі імя А.Макаёнка прысвечанага гісторыка-культурным помнікам Гродна.

Фота з сайта http://centrlib.grodno.by